Калі я даведаўся аб тым, што ў Гаспадарчым судзе рыхтуецца да разгляду справа аб закрыцці газет «Народная Воля» і «Наша Ніва», першым імпульсіўным жаданнем было крыкнуць на ўвесь голас: «Людзі, не дайце гэтаму злачынству адбыцца!»
Адбыцца ў дзяржаве, якая з’яўляецца адным з заснавальнікаў Арганізацыі аб’яднаных нацый, якая паставіла свой подпіс пад Сусветнай дэкларацыяй правоў чалавека. Дзяржаве, Канстытуцыя якой гарантуе кожнаму яе грамадзяніну права на атрыманне ўсебаковай інфармацыі і яе распаўсюджванне.
Як жа трэба не любіць сваю дзяржаву, свой народ (нягледзячы на ўсялякія напышлівыя словы), каб пайсці на ўдушэнне такіх сродкаў масавай інфармацыі, як «Народная Воля» і «Наша Ніва»!
Увесь мой працоўны стаж звязаны з геалогіяй. Колькі гарачых спрэчак было на нашых тэхсаветах! І каб не яны, дык не былі б адкрыты многія радовішчы карысных выкапняў, бо, як паказала практыка, не заўсёды думка высокапастаўленага чыноўніка ад геалогіі была правільнай. І толькі свабода абмеркавання была гарантам недапушчэння цяжкіх памылак.
Дык хто гэтыя людзі ў атачэнні ўлады, якія, як чорт ладана, баяцца іншай думкі, іншага погляду на тую ці іншую праблему? Я звяртаюся да гаранта Канстытуцыі — кіраўніка нашай дзяржавы: спыніце людзей, якія робяць мядзведжую паслугу ў першую чаргу Вам самому.
Я заклікаю ўсіх, хто лічыць Беларусь сваёй Радзімай, падаць свой голас падтрымкі рэдакцыям газет «Народная Воля» і «Наша Ніва».
Фелікс ШКІРМАНКОЎ, інвалід ВАВ II групы
г. Слаўгарад