Пабачыўшы на НТВ інтэрвію аднаго вядомага палітычнага мужа наконт таго, якім вялікім сымпатыкам СССР ён быў і ёсьць, падумаў: калі б той палітык меў дзёньнік, старонка за 8 сьнежня 1991-га выглядала б наступным чынам:

3.00. Пракінуўся ад жудаснага сну. Быццам я прэзыдэнт нейкай рэспублікі, якая ўзьнікла на развалінах Савецкага Саюзу. І быццам я на нажах з Масквой, бо расейцы ўзьнялі нам мыта на пастаўкі шклоачышчальніка, зь якога мы гонім алькагольны сурагат на экспарт у Эўропу. Дурны сон. Што б гэта магло значыць – няўжо ў мяне праблемы з псыхікай? Усё, баста! Трэба заняцца спортам – фэхтаваньнем або хакеем.

5.55. Пракінуўся таму, што ня мог дачакацца гімну СССР.

6.00–6.10. Уважліва слухаў мэлёдыю на словы Міхалкова – Эль Рэгістана і музыку Аляксандрава. Якая моц!

7.30–8.30. Напісаў заяву аб адстаўцы з посту дэпутата ВС. Як савецкі чалавек, не магу быць пешкаю ў гульнях буржуазных нацыяналістаў.

9.00. Паслухаў навіны. Сёньня ў Пушчы сустрэча Ельцына, Краўчука і Шушкевіча. Дыктар кажа, што тройка разрулівае нейкія энэргетычныя праблемы. Што і казаць – палітычныя ліліпуты! У той час, калі 300 мільёнаў зьбіраюцца сьвяткаваць 31 сьнежня чарговую гадавіну нараджэньня вялікай дзяржавы!

12.10. Толькі што па радыё перадалі, што ў Віскулях пастаўлена пытаньне пра роспуск Саюзу. Гэта катастрофа! Трэба нешта рабіць! Аднак што?

13.45. Мяркую, што Масква павінна даць загад беларускім структурам КДБ арыштаваць белавескіх зуброў. Спрабаваў датэлефанавацца на Лубянку. Нарэшце пачуў голас нейкага афіцэра. На маю прапанову той адпавёў: «Ведаеце, я толькі што вярнуўся з Дрэздэна. Там усё на рынкавых прынцыпах. Час і нам перайсьці на гэтую формулу. Такім чынам, мы звонім вашаму КДБ, а вы нам... Што ў вас, дарэчы, ёсьць?» Узгадаў, што ў мяне ёсьць карова Мілка. Аднак гэта было яму нецікава. Паклаў трубку.

14.00. Тэлефанаваў ад імя Гарбачова беларускаму КДБ і загадаў тэрмінова арыштаваць тройку. На тым канцы лініі пачалі зьдзекавацца з маёй трасянкі. Кажуць, ня думалі, Міхал Сяргеевіч, што вы так часта затарваецеся на Чэрвеньскім рынку.

15.08. Сеў у цягнік на Берасьце. Па дарозе на вакзал, каля кулінарыі на праспэкце, нечакана сустрэў Якубовіча – мацёрага антысаветчыка, які падчас путчу наяжджаў на ГКЧП. Прапанаваў яму стаць рэдактарам «Советской Белоруссии». Павал Ізотавіч назваў мяне абломкам гісторыі. Зачапіла. Гы-гы-гы.

21.30. Ля вакзальных кавярняў у Берасьці мною выпрацаваны геніяльны плян – разам з масамі працоўных пранікнуць у Пушчу і зьнішчыць антысавецкую хунту. Пайду падымаць народ.

22.45. Ледзь вырваўся з пастарунку МУС. Хацелі прышыць артыкул за тое, што хадзіў па вакзале і нецэнзурна лаяўся (гэтак яны называюць патрыятычныя заклікі). Адмазаўся, спаслаўшыся на Пазьняка, які неяк у рэстаране Вярхоўнага Савету вывеў тэорыю аб тым, што ў беларускай мове няма нецэнзурных слоў. Паверылі.

23.00. Дарагі дзёньнік, магчыма, гэта мой апошні запіс. Я сяджу ў засадзе каля доміку, дзе сабраліся антысавецкія юды. Зараз са словамі песьні «Саюз нерушымы» ўстану і пайду ў апошні бой. Калі загіну, прашу лічыць мяне сябрам фракцыі «Камуністы за дэмакратыю».

23.30. Усё прапала. Пакуль дабег да залі, высьветлілася, што дамова пра роспуск СССР ўжо падпісаная. Гэта капец. Сур’ёзна думаю пра суіцыд.

23.45. Вырашыў адпомсьціць за Саюз. Думаю абрацца прэзыдэнтам гэтай краіны і аднавіць СССР. Дарэчы – каб не западозрылі, спачатку прыкінуся ёлупнем: абавязкова прагаласую ў парлямэнце за ратыфікацыю белавескіх дамоваў. А зараз спаць.

3.00. Зноў жудкі сон. Быццам мяне судзяць за нейкія правы чалавека...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?