Рашэння суда аб закрыцці газеты яшчэ няма, а падпіска на «Нашу Ніву» ў Полацку і ​​Полацкім раёне ў аддзяленнях сувязі больш не прымаецца.

Работнікі галоўнага паштовага аддзялення сувязі Полацка абзвоньваюць раённыя вузлы сувязі з загадам ануляваць падпіску на газету «Наша Ніва». Падпісантам вяртаюць грошы за падпіску, кажучы, што такой газеты больш не будзе, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Рэдакцыя спрабуе высветліць, ад каго сыходзіць гэты супрацьзаконны загад.

Нагадаем, Міністэрства інфармацыі ініцыявала судовыя працэсы аб закрыцці газет «Наша Ніва» і «Народная Воля». Падрыхтоўчае паседжанне па справе «НН» пройдзе 11 мая ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Гэта не першая спроба абмежаваць грамадству доступ да аб’ектыўнай інфармацыі. Цягам 2005—2008 гг. «Наша Ніва» знаходзілася на паўлегальным становішчы, не маючы магчымасці распаўсюджвацца праз «Белсаюздрук» і «Белпошту».

У новай складанай сітуацыі Рэдакцыя зробіць усё магчымае, каб захаваць выданне. Як і ў 2005 годзе, калі газету выганялі з «Белсаюздруку» і «Белпошты»,

просім усіх, хто хоча і надалей чытаць «Нашу Ніву», паведаміць нам свае паштовыя адрасы
. Кантакты тых, хто падпісваўся праз Рэдакцыю, мы маем.

Просім тэрмінова даслаць свае кантакты тых, хто падпісваўся праз «Белпошту» або купляў газету ў кіёсках.

Паведаміць Вашы адрасы можна

праз электронную пошту dastauka@nn.by.

Або праз тэлефоны: (017) 284-73-29, (029) 260-78-32, (029) 618-54-84,

Skype: nashaniva.

Або лістом на адрас: а/c 537, Мінск, 220050.

Гэтыя ж кантакты — для наўпроставай сувязі з Рэдакцыяй па ўсіх пытаннях, звязаных з лёсам «НН».

Чытайце сайт nn.by. Калі раптам сайт nn.by стане недаступны, чытайце сайт nnby.eu, які прыйдзе яму на змену ў выпадку патрэбы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?