Крыху сьвятла на ўчорашнія перамовы ў Маскве пралілі суботнія нумары расейскай прэсы. У тым ліку спартовай.

Так "Спорт-Экспресс" у артыкуле "Быков показал, как забивать на Ходынке" аналізуе пятнічны хакейны матч паміж камандамі "Зоркі хакею Расеі" і "Газпромэкспарт". Менавіта ў гэтым матчы – паводле дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх СМІ – меўся браць удзел кіраўнік Беларусі. Прычым згуляць супраць каманды "Газпромэкспарту", што сымбалічна. Аднак у артыкуле прозьвішча Лукашэнкі нават няма ў пераліку гульцоў абедзьвюх каманд.

Пра тое, што прэзыдэнт Беларусі ня толькі не паехаў на хакей, а наагул адразу пасьля перамоваў з Пуціным вярнуўся ў Менск, піша карэспандэнт газэты "Коммерсантъ" Андрэй Калесьнікаў у артыкуле "Лукашэнка быў пакінуты без абеду":

"Трохгадзінныя перамовы скончыліся, як звычайна, нічым. Прэзыдэнту Беларусі не ўдалося ні на адзін цэнт зьнізіць новую цану расейскага газу для Беларусі. Яна складае 200 даляраў за кубамэтар. Больш за тое, ён атрымаў адмову і па ўсіх астатніх перамоўных пазыцыях. Так, экспартныя пошліны на расейскую нафту для Беларусі ня будуць ні адменены, ні нават зьніжаны. На тое, каб Аляксандар Лукашэнка паверыў у гэта, пайшло амаль дзьве гадзіны з гэтых трох. (...)

Каб ён не рабіў выгляду, што перамовы ўдаліся, то ніхто б, можа, і не зьдзівіўся, калі стала вядома, што адмяняецца супольны абед Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, а таксама заплянаваная (... ) іхная паездка ў новы лядовы палац на Хадынскім полі (...). Учора ўвечары спадар Лукашэнка зьбіраўся нават выйсьці на лёд і пагуляць за каманду вэтэранаў расейскага хакею".

Поўны тэкст артыкулу чытайце на сайце газэты Коммерсантъ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0