Жывая трансляцыя шэсця ветэранаў распачалася згодна з планам, а 10.55. Аднак праз некалькі хвілін яна спынілася і аднавілася толькі амаль праз гадзіну.

Фота БелТА.

Фота БелТА.

А 10.55 на тэлеканалах паказалі, як на праспекце Незалежнасці стаяць у чаканні дэлегацыі прадпрыемстваў і навучальных установаў, а таксама аўтамабілі для ветэранаў. Было зачытана віншаванне кіраўніка дзяржавы.

Пасля гэтага жывая трансляцыя нечакана спынілася. На тэлеканалах пачалі дэманстраваць канцэрты, прысвечаныя Дню Перамогі, на канале «Першы» каля 11.30 пачаўся паказ дакументальнага фільма пра парад Перамогі 1945 года.

Толькі, а 11.49 жывая трансляцыя аднавілася: Аляксандр Лукашэнка з’явіўся на шэсці ў суправаджэнні сваіх трох сыноў.

Пасля гэтага тэлеканалы вялі жывую трансляцыю ўжо без перапынкаў, апісваючы шэсце па праспекце. Школьнікі з тратуараў скандавалі ветэранам: «Поздравляем!».

Першы вянок да манумента Перамогі ўсклаў Аляксандр Лукашэнка. Ён ішоў за руку са сваім меншым сынам Колем.

У гэты момант вайсковы аркестр іграў гімн «Радзіма мая дарагая».

Пасля яго вянкі і кветкі ўсклалі прадстаўнікі выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, кіраўнікі сілавых ведамстваў, ветэраны і вайскоўцы.

«Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — самая значная падзея ў найноўшай гісторыі чалавецтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў.

«Кровапралітныя баі на фронце, рух супраціўлення і гераічная партызанская барацьба, ахвяры, не параўнальныя ні з чым, і мужнасць, выратаванне і адраджэнне краіны сфармавалі характэрныя рысы беларускай нацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў уклад СССР у перамогу над нацызмам: «Успомніце пачатак Другой сусветнай. Многія развітыя краіны Еўропы бязвольна падалі пад ногі гітлераўскіх захопнікаў. Але наша супольная Радзіма, у склад якой уваходзіла і Беларусь, не пахіснулася ў неймаверна цяжкіх умовах і атрымала як ваенную, так і маральную перамогу над сіламі Зла. Беларускі народ не аддаваў без бою ні пядзі роднай зямлі. Нават акупіраваная, разбураная, наша краіна так і засталася непакоранай. І мы абавязаны заўсёды помніць, што дарога на Берлін пачыналася ў дні гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці».

Гаворачы аб цяперашнім этапе адносін Беларусі з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ніякага Рубікона мы не пераходзілі,
але вельмі ўжо імкнецца хтосьці яго перайсці з таго боку. Ну што ж, мы гатовы да ўсяго. Але не хацелася б». «Не хацелася б не тое каб гарачай вайны, не хацелася б наогул ніякіх войнаў, — сказаў ён. — Нам хацелася б, каб было спакойна, ціха, каб мы спакойна, ціха гадавалі сваіх дзяцей, развівалі сваю эканоміку, прамысловасць, сельскую гаспадарку, будавалі жыллё, а не разбуралі яго».

«Калі нас чуюць, калі ласка, мы адкрыты для гэтага дыялога. Калі нас не хочуць чуць, ну што ж, мы гэта прымаем да ведама», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што Дзень Перамогі як свята аб’ядноўвае беларусаў і еўрапейцаў. «Ваявалі і гінулі не толькі савецкія людзі. Яны, вядома, адыгралі галоўную ролю, але з ворагам біліся і ў Германіі антыфашысты, камуністы, антыфашысцкі Рух супраціўлення быў масавым у Заходняй Еўропе. Гэта дарагога каштуе, асабліва калі мы перайшлі граніцу і рушылі да Берліна, мы адчувалі дапамогу. Вызваленчая армія Югаславіі, іншыя групы, армія Польшчы — яны ж таксама, няхай з нашай падтрымкай, нашай дапамогай, інакш і быць не магло, таму што цяжка было змагацца ў акупацыі, але яны змагаліся», — сказаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў: «Жудасна гучыць, я ў сродках масавай інфармацыі прачытаў: аказваецца,

дзесьці ў Еўрапарламенце, яшчэ ў нейкай структуры разглядаецца беларускае пытанне. Гэта сведчыць аб тым, што мы так і не зрабілі ніякіх вывадаў з таго, што было ў той жахлівы час.
На жаль, гэта так».

Дарэчы, ні адзін з паслоў еўрапейскіх дзяржаў, акрэдытаваных у Беларусі, не ўзяў удзелу ў афіцыйнай цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі, адзначае карэспандэнт агенцтва БелТА.

Са словаў пасла Венгрыі Фэрэнца Контры, паслы ЕС не атрымалі афіцыйнага запрашэння прысутнічаць на цырымоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?