Ніводзін з паслоў еўрапейскіх дзяржаваў, акрэдытаваных у Беларусі, не ўзяў удзелу ў афіцыйнай цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі, паведамляе агенцтва БелТА.

Пасля абразлівых выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу (ён быў названы «казлом» і «нейкім Барозу») крыніца ў Еўрапейскай камісіі сказала: «Мы не прызнаем яго [Лукашэнку] дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЕК няма практыкі каментаваць заявы звычайных грамадзянаў».

Як вядома, еўрапейскія дзяржавы не прызнаюць выбараў 2001, 2006 і 2010 гадоў свабоднымі і справядлівымі. Еўрасаюз разглядае палітыку Беларусі як варожую, а таксама лічыць непрымальнымі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Беларусь — адзіная краіна на захад ад Дняпра, у якой ёсць палітычныя вязні, зачыняюць СМІ і дзейнічае адказнасць за ўдзел у «незарэгістраваных арганізацыях». Гэта таксама адзіная краіна Еўропы, што падтрымлівае цесныя сувязі з Іранам, Венесуэлай і іншымі крыкліва антызаходнімі рэжымамі.

Фактычна, краіны Еўропы цяпер выкарыстоўваюць не тактыку ізаляцыі Беларусі, як раней, але тактыку ігнаравання асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Высокія чыноўнікі пазбягаюць кантактаў з ім. А кіраўнікі дыпламатычных місій імкнуцца не прысутнічаць на мерапрыемствах з ягоным удзелам.

Аднак у выпадку з шэсцем на 9 Мая выпадак быў адваротны. Са словаў пасла Венгрыі Фэрэнца Контры, паслы ЕС не атрымалі афіцыйнага запрашэння прысутнічаць на цырымоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?