Мой камэнтар "Мы прачнемся ў іншай краіне" спарадзіў адметную дыскусію.

Хтосьці рвецца на барыкады.

А хтосьці даводзіць, што пасьля зьмены ўлады мы прачнемся ня ў іншай краіне, а ў іншай... палаце. Маўляў, абсурд невынішчальны!

Дзьве крайнасьці.

Маладым максымалістам здаецца, што новую Беларусь можна ўсталяваць адным махам. А сам цяперашні парадак у іхніх вачох увасабляюць шэрагі АМОНу.

(Не прыдзірайцеся, пурысты! "АМАП" мне падаецца словам штучным, як і, напрыклад, НКУС ці ДКНС — НКВД і ГКЧП просяцца ў арыгінале.)

Розныя народы ў розныя эпохі перажывалі пэрыяды рэвалюцыйнага рамантызму. Але ж нездарма сказана: рэвалюцыі задумваюць рамантыкі, робяць прагматыкі, а плёнам карыстаюцца нягоднікі.

Ня трэба далёка хадзіць: згадайце пазалеташні Майдан і сёньняшнія ўкраінскія рэаліі.

Шмат хто з энтузіястаў памаранчавай рэвалюцыі расчараваны.

Так, многія ілюзіі ня спраўдзіліся.

Але ж хіба Ўкраіна такая самая, як была да Майдану?

Там па горла праблемаў, аднак гэта ўжо праблемы іншага кшталту, іншага ўзроўню. Натуральна для тых, хто жыве ня толькі страўнікам :)

Што ж да абсурду, то ці можаце вы сабе ўявіць, што ў нейкі час у нейкім грамадзтве ён вынішчаны дарэшты? Абсурд! :)

Вось апазыцыю крытыкуюць за круглыя сталы на тэму ўладкаваньня новай Беларусі. Вы, маўляў, лепей прыдумайце, як перамагчы!

А зазіраць далей, "за рэвалюцыю", між тым варта!

Бо дэмакратыя ня ёсьць панацэяй.

Калі яна пачне рэальна працаваць, грамадзтва сутыкнецца з мноствам няпростых праблемаў. Яны палягаюць збольшага ў мэнтальнай, культурнай сфэры.

Патрэбнае не адно пакаленьне, каб выціснуць зь сябе рабоў. І то ня варта цешыцца ілюзіяй, што некалі гэта ўдасца ўсім пагалоўна.

Так што "прачнуцца ў іншай краіне" — гэта не спадзеў на панацэю.

Гэта спадзеў на тое, што некалі будуць зламаныя тыя мэханізмы прадукаваньня абсурду ў маштабах дзяржавы, якія сёньня сапраўды спараджаюць у многіх адчуваньне палаты №6.

А далей... Далей усё толькі пачнецца.

Для тых, вядома, хто спавядае дыялектыку, а не мэтафізыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?