10 мая ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаліся слуханні крымінальнай справы ў дачыненні да былога адваката Міхаіла Волчака. Яму інкрымінуюць учыненне злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 407 КК (выдаванне звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння).

Крымінальная справа ў дачыненні да Волчака была распачата Генеральнай пракуратурай у пачатку студзеня гэтага года, калі ён яшчэ з’яўляўся абаронцам старшага следчага па асабліва важных справах Генпракуратуры Святланы Байковай.

Распачынанне справы звязана з накіраванай Міхаілам Волчакам у канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2010 года ў Генпракуратуру скаргай на бяздзейнасць органа, які вядзе крымінальны працэс у дачыненні да яго падабароннай. Сутнасць скаргі стала вядомая. Як БелаПАН паведамляў раней, адвакат, кіруючыся звесткамі «праслушкі» КДБ, якія фігуруюць у матэрыялах следства, у сваім звароце ў Генпракуратуру заявіў, што папярэднім следствам наўмысна не дадзена прававая ацэнка супрацьпраўным дзеянням афіцэра міліцыі, які ўваходзіў у склад следчай групы Байковай.

Слуханне справы Байковай пачалося ў Вярхоўным судзе 10 сакавіка. Яна абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў паводле ч. 2 арт. 393 (прыцягненне ў якасці абвінавачанага заведама невінаватага), чч. 1, 2 арт. 394 (прымус да давання паказанняў), чч. 1, 2 арт. 397 (заведама незаконныя затрыманне ці змяшчэнне пад варту), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) КК. Разам з Байковай па справе праходзіць нейкі Карэн Вартанян. Паводле звестак БелаПАН, раней ён быў неаднаразова судзімы. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 154 КК (катаванне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?