У Магілёве пачала працаваць служба таксі «Катрын», у якой вадзіцелямі з’яўляюцца толькі жанчыны. Свае паслугі яны таксама аказваюць галоўным чынам пасажыркам.

«Прычына стварэння такога таксі — бяспека жанчын: і жанчын-вадзіцеляў, і жанчын-пасажыраў. Было вельмі шмат выпадкаў, калі дзяўчына проста не даязджала да месца прызначэння па віне вадзіцеля-мужчыны», — паведаміла БелаПАН дырэктар фірмы «Катрын» Таццяна Паласухіна. Разам з тым яна прызнае, што «жанчыны таксама бываюць розныя, але яны толькі „зрываюцца“, і няма такіх праблем, як з мужчынамі». Таму «жаночае таксі» перавозіць толькі жанчын і дзяцей.

Дзяўчаты, якія працуюць у фірме, паводле слоў Паласухінай, не валодаюць якімі-небудзь байцоўскімі навыкамі, хоць яна не выключае, што ў кагосьці з таксістак ёсць ў машыне газавы балончык.

На сёння ў Магілёве ўжо працуюць шэсць аўтамашын фірмы «Катрын», яшчэ дзве машыны знаходзяцца ў працэсе афармлення. Па колеры яны нічым не адрозніваюцца ад таксі іншых фірм, за выключэннем рэкламы на жоўтай паласе на дзвярах аўтамабіля.

Паводле слоў Паласухінай, у Беларусі такія «жаночыя таксі» ёсць толькі ў Мінску і Гомелі. Яна ўпэўнена, што ў Магілёве «Катрын» зможа заняць сваю нішу на рынку пасажырскіх перавозак. «У нас незвычайнае таксі, і мы будзем карыстацца попытам. Нам не трэба столькі пасажыраў, каб стварыць вялікую канкурэнцыю іншым фірмам. Каму трэба, той патэлефануе нам, каму не трэба, той патэлефануе ў іншае таксі», — гаворыць дырэктар фірмы «Катрын».

Паводле яе меркавання, адным з канкурэнтных пераваг таксі «Катрын» з’яўляецца паслуга аўтанянькі, якая прадугледжвае перавозку дзяцей без суправаджэння дарослых. Што да цэн на паслугі, то яны мала адрозніваюцца ад агульнамагілёўскіх — 9.500 рублёў каштуюць тры першыя кіламетры праезду і 1.600 рублёў — кожны наступны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?