Нацбанк дазволіў камерцыйным банкам устанавіць свабодны курс наяўнай валюты для насельніцтва. Але, як паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы ў банках, пры гэтым у банкі прыйшла нефармальная рэкамендацыя, каб да канца гэтага тыдня курсы не перавышалі 4000 рублёў за даляр.
І праўда, менавіта да гэтай мяжы падскочыў курс амаль ва ўсіх абменнікаў.
Большасць банкаў купляе даляр за 3990 рублёў, а прадае за 4000.

Такі самы мінімальны лаг устанавіўся між курсам продажу і куплі еўра: 5750/5760.

Як вядома, курс даляра на пазабіржавым рынку для прадпрыемстваў трымаецца на ўзроўні каля 5200 за даляр. Аднак разавая дэвальвацыя на 70% была б шокам для грамадзян. Таму Нацбанк пайшоў спачатку на паўмеру. Ці азначае гэта, што рубель працягне падзенне?

Гэта вельмі імаверна. Зрэшты, іншыя эксперты не выключаюць, што ў такім нізкім курсе рубля ёсць і псіхалагічны складнік. Магчыма, пасля таго як схлынуць дэвальвацыйныя чаканні, курс можа сапраўды спыніцца на ўзроўні каля 4000. Менавіта пра такі курс гаварыў як пра «збалансаваны» віцэ-прэм’ер Сяргей Румас.

Крыніцы агенцтва «Інтэрфакс» у банках мяркуюць, што рэальны рынкавы курс наяўнага рубля ў першыя дні пасля яго вызвалення мог бы скласціся на ўзроўні 4500–4600 рублёў за даляр, або на 50% ніжэй, чым афіцыйны курс Нацбанка.

Цікава, што калі Нацбанк 21 красавіка паспрабаваў вуснай рэкамендацыяй абмежаваць планкай 4500 курс даляра для прадпрыемстваў, то гэта прывяло да паралічу рынку безнаяўнай валюты, і 27 красавіка Нацбанк вымушаны быў адклікаць сваю рэкамендацыю.

Купіць валюту ў абменніках па-ранейшаму немагчыма. Фактычна, рынак чакае далейшага падзення рубля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?