Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Івана Кулікова на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафэсарам Іванам Куліковым. Заводзкі суд сталіцы асудзіў былога прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы на 5 гадоў з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

Кулікоў працаваў загадчыкам лябараторыі ў Інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны». У студзені Кулікова арыштавалі за тое, што, нібыта, на працягу 8 гадоў ён налічваў зарплату «мёртвым душам».

Як распавёў Іван Кулікоў, ён прызнаў віну толькі ў тым, што «несьвядома парушыў закон», крадзеж ён не прызнаў.

Прафэсар Іван Кулікоў хоча працягваць працаваць у інстытуце «Сосны». Ён кажа, што мае адпачынак да 18 траўня. Тады ён будзе высьвятляць, якія ў яго шанцы працягнуць працу ў інстытуце.

Нагадаем, што Іван Кулікоў балятаваўся ў прэзыдэнты на мінулых выбарах, але зьняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Празь месяц пасьля выбараў навукоўцу было выстаўлена абвінавачваньне ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненым ў буйным памеры.

У сакавіку стала вядома, што Кулікову перакваліфікавалі абвінавачваньне на «прычыненьне шкоды ў значным памеры шляхам атрыманьня выгады ў выніку падману, злоўжываньня даверам цi шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі пры адсутнасьці прыкмет крадзяжу».

Паводле новых дадзеных сьледзтва, навуковец на працягу 8 гадоў налічваў зарплату «мёртвым душам», але гаворка ўжо ідзе не пра 22 мільёны, а пра 8.600.000 рублёў. І цяпер сьледзтва ня думае, што ў мінулым патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты іх выкраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?