12.05.2011 / 18:54

Дні культуры Швецыі: канцэрты, выставы, чытанні, кіно +праграма

З 13 мая па 11 чэрвеня ў Мінску, Полацку, Пінску і Брэсце пройдуць культурныя мерапрыемствы.

З 13 мая па 11 чэрвеня Пасольства Швецыі праводзіць шэраг мерапрыемстваў у рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі'2011.

Культурныя мерапрыемствы будуць праходзіць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі — Полацку, Пінску і Брэсце.

Прапануем вашай увазе праграму мерапрыемстваў.

Сольны канцэрт фолк-гурту «Hedningarna»

13 мая а 19-й гадзіне ў Палацы культуры ветэранаў (вул. Я. Купалы, 21) адбудзецца сольны канцэрт фолк-гурту «Hedningarna» (у перакладзе з шведскай мовы — «паганцы», «язычнікі»). Гурт заснаваны ў 1987 г. Музыка гурту спалучае традыцыйнае гучанне народных інструментаў з электронным гучаннем. Кошт квіткоў: 25.000 — 40.000 рублёў

Майстар-клас з удзелам шведскага гурту і беларускага гурту «Ветах» будзе праведзены для студэнтаў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў а 10-й гадзіне.

Выстава карыкатуры «Сам-насам з кліматам»

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасці, 47) з 17 мая па 11 чэрвеня 2011 праводзіцца шведска-беларуская выстава карыкатуры «Сам-насам з кліматам». Гэты праект мае экалагічны ўхіл, стартаваў у верасні 2010 у Ісландыі, вандраваў па Балканах, Малайзіі, Сірыі, Латвіі І Расіі.

Шведска-беларускі паэтычна-музычны праект «Чара»

1 чэрвеня а 19-й гадзіне ў Палацы культуры ветэранаў (вул. Я.Купалы, 21) адбудзецца прэзентацыя шведска-беларускага музычнага праекту «Чара» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча і «WZ-Orkiestra». «Чара» — пакладзеная на музыку вершы вядомых шведскіх паэтаў Катарыны Фростэнсан, Крыстофера Леандуэра і Кенэта Клемэтса. Перакладалі вершы не менш вядомыя беларускія паэты і перакладчыкі Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў і Дзмітры Плакс.

Шведска-беларускія літаратурныя чытанні

2 чэрвеня а 18-й гадзіне ў актавай залі філалагічнага факультэта БДУ (вул. К.Маркса, 31) адбудуцца Шведска-беларускія літаратурныя чытанні з удзелам Катарыны Фростэнсан, Улы Лашму, Ульфа Старка, Аксаны Спрынчан, Усевалада Сцебуракі, Алеся Пашкевіча і Віктара Шалкевіча (вядоўца). Уваход вольны.

3 чэрвеня а 18-й гадзіне адбудуцца Шведска-беларускія чытанні ў Пінску на базе Палесскага драматычнага тэатра (вул. В. Харужай, 10). Уваход вольны.

4 чэрвеня а 19-й гадзіне адбудуцца Шведска-беларускія чытанні ў Брэсце на базе Брэсцага дзяржаўнага абласнога цэнтра юнацкай творчасці (вул. Маскоўская, 123).

Шведскі камерны хор Святога Юханеса і хор «Concordia» у Мінску і Полацку

3 чэрвеня а 19-й гадзіне ў малай залі Белдзяржфілармоніі (пр-т Незалежнасці, 50) адбудзецца канцэрт Шведскага камернага хора Святога Юханеса і хора «Concordia» (г. Мінск).

Камерны хор Святоха Юханеса заснаваны ў Стакгольме Карын Олдгрэн у 2002 г.

Хор «Concordia» створаны ў Мінску ў 2007 г. у ІТ-кампаніі «IBA».

4 чэрвеня а 17-й гадзіне выступяць шведскі камерны хор Святога Юханеса і хор «Concordia» (г. Мінск) у канцэртнай залі Сафійскага сабору. Адрас: г. Полацк, вул. Замкавая, 1

Фестываль шведскага кіно

З 7 па 10 чэрвеня ў кінатэатры «Цэнтральны» адбудзецца паказ шведскіх фільмаў апошняга дзесяцігоддзя.

7 чэрвеня

«Дзяўчынка»

Меладрама. 2009 г. 96 хв. Рэжысёр Фрэдрык Эдфельт.

На адным хутары 10-гадовая дзяўчынка (Бланка Энгстром) робіць першыя крокі з дзяцінства ў свет дарослых. Калі бацькі ад’язджаюць працаваць у Афрыку, яна бавіць лета ў сваёй багемнай цётухны…

8 чэрвеня

«Падпарадкаванне»

Дакументальны фільм. 2010 г. 87 хв. Рэжысёр Стэфан Ярл.

Фільм расказвае пра «хімічнае» грамадства, якое мы будуем пачынаючы з Другой сусветнай вайны. Тады чалавецтва выкарыстоўвала мільён тон хімікатаў штогод, а сёння ўжо ў 500 разоў больш…

9 чэрвеня

«Добраахвотна-прымусова»

Драма. 2008 г. 98 хв. Рэжысёр Рубен Эстлунд.

Некалькі пасажыраў выпадкова робяцца закладнікамі кіроўцы. Добраахвотна-прымусова пераплятаюцца паміж сабой сюжэтныя лініі, аб’яднаныя агульным для ўсіх персанажаў жаданнем выйсці за межы штодзённага жыцця, парушыць забароны.

10 чэрвеня

«Сумнеўна»

Меладрама. 2008 г. 75 хв. Рэжысёр Марыя Блум.

Міра — крутая і незалежная жанчына, якая жыве дзеля сваёй кар’еры ў СМІ. Але аднойчы яна трапляе ў поле зроку Купідона, які падсунуў ёй не вельмі сучаснага суседа…

Пачатак сеансаў — 19.00.

Фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з беларускімі субтытрамі.

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру