Сённяшні дзень будзе прысвечаны допыту сведкаў абароны. Сваіх сведкаў заявілі адвакаты Някляева, Дзмітрыева, Палажанкі.

***

17:45

Суддзя абвясціла перапынак да 10.00 14 мая.

17:35

Пачынаецца допыт сведкі Юрыя Клімовіча. Ён кіраваў гомельскім выбарчым штабам Віталя Рымашэўскага. Клімовіч, як і Кавальчук, збіраўся прыехаць на Плошчу каб ахоўваць там парадак у дружыне Рымашэўскага, аднак даехаць не змог. Яго знялі з цягніка.

17:30

Сведка Кавальчук так і не змог даехаць да Плошчы праз перашкоды. На яго думку ўлады не дазволілі прыехаць туды вялікай колькасці людзей, якія маглі б супрацьстаяць правакацыям, біццю шкла ў Доме ураду.

17:20

Суддзя запрасіла ў залю сведку Аляксандра Кавальчука. Ён з Мазырскага раёна, таксама з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага.

А.Кавальчук распавёў аб складанасцях працы на выбарах у рэгіёнах, а таксама аб тым, з якімі перашкодамі сутыкнуўся па дарозе на Плошчу (яму пашкодзілі аўтамабіль).

17:12

Чарнаморцава: «Ніхто нічога не пачуў… Людзі выйшлі на праспект і ў мяне склалася ўражанне, што хтосьці дамовіўся з ДАІ, каб людзі не падушыліся і маглі прайсці там. Не чула ніякіх заклікаў з боку ДАІ. А нават каб яны там і былі, то я б іх не пачула прах гучную папсу».

17:10

Наступная сведка, заяўленая адвакатам Віталя Рымашэўскага, — Валерыя Чарнаморцава. Спадара Рымашэўскага яна ведае ўжо 10 гадоў, падчас выбарчай кампаніі была яго даверанай асобай. Распавяла, што праводзіла назіранне за правядзеннем выбараў на адным з участкаў Мінска, аднак была выдаленая адтуль.

В.Чарнаморцава паведаміла, што менавіта гэты факт прымусіў яе прыйсці на Кастрычніцкую плошчу.

17:00

Зараз паказанні дае Ірына Логвін. Яна была сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага. У размове з адвакатам яна падцвердзіла, што спадар Рымашэўскі заклікаў на акцыю пратэста падчас сваёй кампаніі, аднак гэтыя заклікі не былі антысацыяльнымі — акцыя падавалася як выключна мірная.

Ірына Логвін таксама ўдзельнічала ў Плошчы. Яна заявіла, што не чула ад Віталя Рымашэўскага падчас выступаў і шэсця заклікаў да парушэння парадку.

16:45

Суддзя Жукоўская задаволіла хадайніцтва адваката Віталя Рымашэўскага. «Каб ніякім чынам не прыцясніць інтарэсы Рымашэўскага. Калі сведкі тут, то мы можам іх апытаць», — паведаміла суддзя.

Зараз будзе дапытаны прадпрымальнік з Оршы Яўген Анішчанка. Спадар Анішчанака ішоў на Кастрычніцкую плошчу разам з Віталём Рымашэўскім. Сцвярджае, што прысутныя на Кастрычніцкай плошчы не змаглі б фізічна змясціцца на ходніках праспекта Незалежнасці — іх было зашмат для гэтага.

16:30

Адвакат Віталя Рымашэўскага заявіў яшчэ пяць сведак са свайго боку. Суддзя абвясціла перапынак на дзесяць хвілін.

16:15

Бураўкін пачаў з аповеду аб Някляеве. Пералічыў яго шматлікія заслугі. Паведаміў таксама, што працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, аднак на Плошчы не быў. «Я ведаў, што гэта была мірная акцыя, выкліканая тым, што жыццё, якім мы жывём, дае падставы сумнявацца ў сумленнасці, дэмакратычнасці і празрыстасці выбараў», -заявіў спадар Бураўкін.

16:05

Допыт Таццяны Процькі скончаны. Зараз будзе дапытаны сведка Генадзь Бураўкін.

15:54

Таццяна Процька расказвае, чым займалася у межах кампаніі ГП. На яе думку, Някляеў вельмь позна прыняў рашэнне ўдзельнічаць у выбарах. Яна мяркуе, што Някляеў прыняў рашэнне аб гэтым толькі пасля ператрусаў і арыштаў у маі 2010 года.

«Судзячы сёння Някляева мы судзім усіх нас», — заявіла спадарыня Процька суддзі Жукоўскай.

15:23

Наступны сведка — педагог Уладзімір Колас.

Колас расказаў як праходзіла акцыя 19 снежня. Паведаміў, што да канца дэманстрацыі не дабыў, бо бачыў, што няма агульнага плана і нічога цікавага там не адбывалася. Разам з тым сведка Колас зазначыў, што людзі былі пазітыўна настроеныя.

15:09

Наступны сведка — Карпаў. Муж пацярпелай на вул Калектарнай дзяўчыны, якая сведчыла перад перапынкам.

Карпаў распавядае, чаму вырашыў пайсці на Плошчу. Паўтарае расповед сваёй жонкі аб нападзе на калону Някляева на вул. Калектарнай.

14:53

Наступная сведка — Таццяна Караткевіч. Яна была сябрам ініцыятыўнай групы Някляева, прымала удзел у працы штаба. Адвакаты задаюць ей пытанні, што датычаць арганізацыі бяспекі на Плошчы. Таццяна Караткевіч кантактавала з МУС, КДБ і Мінгарвыканкамам. Сведка распавяла, што ў прыёмных гэтых установаў адмовілі Някляеву ў сустрэчы з іх кіраўніцтвам.

Някляеў падчас допыту Караткевіч паведаміў суддзі, што спробы сустрэцца з кіраўніцтвам МУС і КДБ былі зробленыя яшчэ да атрымання папярэджання ад Генпракуратуры.

«Я чула як людзі ў чорным абмяркоўвалі паміж сабой збіццё Някляева. „

Ты яго забіў“ — сказаў адзін з іх другому. Потым яны праверылі ў Някляева пульс, ударылі некалькі разоў яго нагамі у жывот і сышлі».

14:29

Цяпер дапытваюць сведку Каўша. Ен пенсіянер, жыве у Брэсце.

Коўш кіраваў дзейнасцю кампаніі ГП у Бресце. Расказвае пра дзейнасць ГП, паведаміў, што палітыкай ГП не займалася. Ні Дзмітрыеў, ні Фядута, ні Някляеў, ні Вазняк, па яго словах, у межах кампаніі ГП не рабілі палітычных заяваў. Разам з тым Коўш паведаміў, што падчас выбарчай кампаніі кіраваў брэсцкім штабам Някляева.

Коўш прывёў прыклады парушэнняў і фальсіфікацый у Брэсцкай вобласці. Суддзя спыніла яго.

Коўш: «Фальсіфікацыі дасягнулі такіх памераў, што далей ужо няма куды».

14:02

Сакратарка паклікала у залу суда сведку Міколу Дземідзенку — аднаго з лідараў МФ.

Дземідзенка расказвае пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы. Заявіў, што вырашыў ісці на плошчу як толькі даведаўся аб даце правядзення выбараў.

Працэс аднаўляецца. Зараз будзе дапытаны кіроўца аўтобуса.

13:02

Зараз сведчыць студэнтка юрфака БДУ Карпава. У кампаніі ГП яна не удзельнічала, яе муж сябруе з Дзмітрыевым. Вечарам 19 снежня яна была у калоне Някляева. Карпава паведаміла, што шэсце было мірным, людзі мелі толькі сцягі, асабістыя рэчы.

Карпава заявіла, што на Калектарнай яе павалілі ў снег, каля твара ўзарвалася шумавая граната, яна апаліла ёй валасы, пашкодзіла вока, твар. Другая шумавая граната ўзаравалася на сумцы.

Гэтую сумку Карпава прынесла ў суд.

Абвешчаны перапынак да 14:00.

12:38

Наступны сведка — Рыгор Кастусёў.

Кастусёў распавядае аб прычыне падачы скаргі на вынік выбараў. Галоўная з их — факты парушэння выбарчага заканадаўства падчас выбарчай кампаніі.

12:25

Зараз будзе дапытаны сведка Уладзімір Ганчарык — адзіны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2001 г.

Ганчарык паведаміў, што быў вечарам 19 снежня на Плошчы. Кажа, што адчуваў салідарнасць усіх прысутных. Падцвердзіў, што на Кастрычніцкай плошчы была гучная музыка.

Ад Кастрычніцкай да Незалежнасці Ганчарык ішоў па ходніках. Кажа, што не чуў заклікаў разысціся. На плошчы Незалежнасці спадар Ганчарык быў паўгадзіны, разгону не бачыў.

12:20

Шабетнік таксама быў на Калектарнай. Расказвае, што бачыў, што у мікрааўтобусе была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Гаворачы пра напад на калону Някляева, паўтарае паказанні Пахлопкі. Расказвае, як яго моцна ударылі. «Яны ўсе вокны разбілі ў мікрааўтобусе. Дасталі апаратуру і пагрузілі ў свой мікрааўтобус», — паведаміў Шабетнік.

12:08

Паседжанне аднавілася. Фядута заявіў, што адчувае сябе задавальняюча. Цяпер пачынаецца допыт сведкі Шабетніка.

Сведка Шабетнік з Рэчыцы. Год таму пачаў працаваць у кампаніі ГП. Потым працаваў у штабе Някляева, расказвае пра сустрэчы Някляева з выбаршчыкамі у Гомелі, Мазыры.

11:53

Пахлопка распавяла цікавую дэталь. Яна кажа, што нападнікі былі без масак. Тым часам Фядуце стала дрэнна. Ен папрасіў невялікі перапынак у працэсе. Суддзя дазволіла.

11:23

Зараз будзе сведчыць Ніна Пахлопка. Пахлопка была намесніцай кіраўніка Руху наперад, які праводзіў кампанію ГП. Яна распавядае аб яе дзейнасці.

Пахлопка: «Я ішла ззаду мікрааўтобуса. Бачыла усё, як кідалі шумавыя гранаты, як білі людзей, як забіралі апаратуру».

Пахлопка: «Бачыла як збівалі кіроўцу нашага мікрааўтобуса. Ён проста сядзеў за рулем, а яны разбілі шкло ў акне машыны, выцягнулі яго і пачалі біць дубінкамі. Бачыла як яго галава была у крыві».

«Гэта былі трэніираваныя людзі, без апазнавальных знакаў, у чорнай вопратцы».

11:06 Зараз дапытваюць сведку Ігара Сімбірова. Ён студэнт, сябра кампаніі «Гавары праўду», гаворыць, што ГП не займалася палітыкай. На яго думку, дзейнасць ГП і дзейнасць штаба Някляева розныя рэчы. Сімбіроў быў у калоне Някляева, калт на яе напалі людзі ў чорным. Расказвае, як развіваліся падзеі, калі калону спынілі даішнікі.

Адвакат Някляева папрасіў Сімбірова пераказаць, што яму сказалі людзі ў чорным. Сімбіроў:

«Лежаць бл.ть, с.ка, нах…й».
Таксама паведаміў, што яго ударылі, паклалі на зямлю, наступілі нагой на галаву. Ён чуў, што нападнікі перамаўляліся перад сабой аб гукаўзмацняльнай апаратуры.

Суддзя зрабіла заўвагу Сімбірову за тое, што выказаўся нецэнзурна.

10:58

Зараз дапытваюць сябра ініцыятыўнай групы Някляева Сяргея Анікеева, які вечарам 19-га быў у штабе, а потым спрабаваў паехаць дадому. Ён распавеў, што яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія потым выклікалі людзей у чорнай вопратцы. Яны выцягнулі Анікеева з аўтамабіля (ён ехаў на зялёным мікраазтобусе) і агледзелі машыну. Забралі намёт і адпусцілі Анікеева.

10:50

Адвакат Насты Палажанкі таксама заявіла хадайніцтва, каб у зале суда былі запрошаныя прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія па версіі абвінавачвання пацярпелі ад дзеянняў дэманстрантаў 19 снежня. На думку адвакатаў, доказы абвінавачвання выглядаюць неабаснавана. У прыватнасці, у матэрыялах справы гаворыцца аб тым, што крама «Еўрасець» ля універсама «Цэнтральны» не магла працаваць ад 21 да 22-й гадзіны, у той час калі яна зачыняецца, а 20-й.

Пракурор выступіў супраць. А суддзя заявіла наступнае: «У задавальненні хадайніцтва на дадзеным этапе — адмовіць. Але калі абарона забяспечыць яўку прадстаўнікоў згаданых устаноў і прапрыемстваў, то можам вярнуцца да разгляду гэтага пытання».

10:45

Пракурор выступіў супраць таго, каб абарона апытала сведкаў у зале суда, але суддзя задаволіла хадайніцтва адвакатаў таму, што яны забяпечылі яўку сваіх сведак.

Рэпартаж з пятага дня судовага працэса:

***

Усе падсудныя — кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, чальцы выбарчага штаба Някляева Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Андрэй Дзмітрыеў, грамадская актывістка Наста Палажанка — абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

Суддзёй выступае Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

***

За ўдзел у «Плошчы» асуджана ўжо 22 чалавекі: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч — да 3,5, Яўген Сакрэт — да 3, Сяргей Казакоў — да 3, Дзмітрый Даронін — да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч — да 3 гадоў калоніі строга рэжыму.

У Мінску парцягваецца чатыры судовыя працэсы, на лаве падсудных — 21 чалавек, у тым ліку пяць кандыдатаў у прэзідэнты (Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?