13 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
18.00
Пазьняку паказалі фотаздымкі і ён сябе пазнаў.
17.39
Пачалі агалошваць 4 том. Пратакол затрыманьня Буланава. Абвінавачаны Буланаў сябе пазнаў на фотаздымках. Патлумачыў, што на першым здымку бачна, што шкло ўжо разбіта.
Характарыстыка на Буланава. Суседзі характарызуюць станоўча. Характарыстыка з інстытуту — прапусаў заняткі і адлічаны. Буланаў патлумачыў: гэта было яго рашэньне.
Пратакол затрыманьня Грыбкова. Фота, на якіх дзеяньні Грыбкова каля ўваходу ў Дом ўраду. Фотаздымкі: Грыбкоў наносіць удары нагой. Ён сябе пазнае і прызнае, што біў нагамі па агароджы у дзьвярах. Сьпіртныя напоі ўжывае зь дзяцячага ўзросту, сындром залежнасьці.
Абвінавачаны Грыбкоў кажа, што гэта поўная лухта. Так, былі пратаколы, але праблем з ужываньнем не было.
Судзьдзя паказвае сьпіс, колькі разоў Грыбкова затрымлівалі за адміністрацыйныя парушэньні. Характарыстыка з апошняга месца жыхарства станоўчая. Характарыстыка Грыбкова з працы ў краме «Гіпа» станоўчая.
Судзьдзя заўважыла, што Менск (раней Грыбкоў жыў у Карэлічах) на Грыбкова падзейнічаў выключна станоўча.
17:40
Пракурор зачытвае іншае тлумачэньне Класкоўскага: «Я быў адзін дома, ужыў сьпіртныя напоі, вырашыў пайсьці на мітынг. Апрануў пад куртку міліцэйскі кіцель. Ударылі па галаве. Прызнаю, што дазволіў сабе абразы на адрас міліцыянтаў. Заклікаў ня біць людзей, сышоў зь мітынгу, калі зразумеў, што нічога тут добрага ня будзе. Раскайваюся і прашу хадайнічаць аб вызваленьні мяне».
Класкоўскі адказвае пракурору, што яго некалькі сутак вадзілі па кабінэтах, адзін палкоўнік прапанаваў напісаць гэта ў форме заявы ў трох экзэмплярах. Пасядзі дзён 10, падумай і напішы.
Пракурор: Вы добраахвотна пісалі гэта, без прымусу?
Класкоўскі: Так, я працягваў тую ж лінію, што і тады, калі даваў першае тлумачэньне.
17.25
Зачытваюць тлумачэньне Класкоўскага, як ён апынуўся на плошчы. «Я прагаласаваў каля 15 гадзінаў за Саньнікава. перад мітынгам у бары выпіў піва з сябрамі». Класкоўскі адказвае пракурору, што бар не наведваў і не памятае, калі ў яго бралі такое тлумачэньне. Кажа, што быў моцна зьбіты і яму далі нешта падпісаць без адваката. Кажа, што не ўжываў алькаголь. Яму пагражалі 15 гадамі і ён сьвядома так сказаў.
Пракурор настойвае: які сэнс вам было казаць, што вы былі нецьвярозы? Навошта было прыдумляць, што вы ўжывалі сьпіртное?
Класкоўскі: Я лічыў, што піва пазбаўляе мяне ад адказнасьці за арганізацыю масавых беспарадкаў.
17.05
Прыйшоў праграміст, зноў запускаюць відэа. Зноў відэа спынілася, нейкія непаладкі. Праграміст кажа, што яму патрэбна яшчэ 20 хвілін. Судзьдзя вырашыла далей зачытваць матэрыялы справы, а відэаролік праглядзець заўтра раніцай. Зачытвае загад аб звальненьні Аляксандра Класкоўскага з МУС. Зачытвае характарыстыку Класкоўскага з месца жыхарства. «Сьпіртным не злоўжываў». Характарыстыка з працы (транспартная фірма) станоўчая.
17.04
Пракурор зноў запускае відэаролік. Адвакаты кажуць, што гэтае відэа ўжо было, толькі ў другім фармаце. Судзьдзя сказала сакратару паклікаць праграміста. Чакаюць праграміста.
16.57
Паседжаньне аднавілася. Прыгатаваліся глядзець відэа, але экран усталяваны так, што публіка нічога ня бачыць. Судзьдзя сказала, што гэта будзе відэа з удзелам Класкоўскага ў акцыі.
16.32
Судзьдзя абвясьціла перапынак на 10 хвілін, потым прапануе паглядзець відэа.
16.15
Суд пачаў агалошваць трэці том справы. Адносна Класкоўкага. Пратакол ператрусу ў кватэры. Забраныя міліцэйская куртка, фуражка, бушлат. Была прызначана экспэртыза кампутара Класкоўскага. Знойдзены файлы з відамі акцый. У Класкоўскага забраныя жазло супрацоўніка ДАІ, нагрудныя знакі.
16.10
Вус пытаецца: ніводнага правапарушальніка не было знойдзена з тых, хто наносіў гэтыя траўмы. Таму ён лічыць, што гэтыя экспэртызы і паказаньні сфальшаваныя. Хадайнічае запатрабаваць відэазапісы з камэр вакол Дома ўраду і праглядзець. Абаронцы падтрымліваюць, абвінавачаныя таксама. Пракурор супраць. Заля сьмяецца. Судзьдзя робіць заўвагу залі і пагражае выдаліць. Судзьдзя кажа, што пакуль рана пра гэта вырашаць. Вось калі мы праглядзім відэа са справы, тады будзем вырашаць.
16.05
Адвакаты ўдакладняюць нумары і даты экспэртызаў, якія нібыта супярэчаць: ранейшым дням адпавядаюць большыя нумары, што немагчыма, калі б справаводзтва вялося паступова. Судзьдзя вывучае дакумэнты.
Судзьдзя пытаецца, што рабіць? Месяц чакаць адказу ад мэдэкспэртаў? Адвакат прапануе выклікаць для тлумачэньняў экспэртаў. А каго менавіта? Іх 30 чалавек.
15.43
Пачалі агучваць матэрыялы справы. Том другі. Заключэньні экспэртаў. Траўмы пацярпелага Караваева не пацьверджаныя. Адносна Булавацкага. (Тое, што чытае судзьдзя Грачова, у залі не чуваць)…Не прадстаўляецца магчымасьці адказаць на пытаньні… Адносна Масальскага. Дыягназ «ушыб цемянной вобласьці» ацаніць немагчыма. Зноў немагчыма вызначыць. Дыягназ пра
Дыягназ Камара пра ўшыб ня можа быць пацьверджаны. Адносна Давідовіча, дыягназ пра ўшыб ніжняй сківіцы не пацьверджаны, немагчыма засьведчыць.
Адносна Зінкевіча. Дыягназ немагчыма пацьвердзіць. Адносна Кашталанава, пра гематому левага бядра:
Адносна Маскалёва, вывіць, ці атрымаў траўму, немагчыма.
Адносна Лушчыка, нейкіх траўмаў не выяўлена. Адносна Ксянзова, немагчыма выявіць цялеснае пашкоджаньне. Адносна Лісоўскага, дакладна выявіць траўму немагчыма.
Пацярпелы Сакач дае паказаньні. Кажа, што каля 22.00 прыбыў да Дому ўраду, у эфіры прагучала, што б’юць шкло. Падчас руху супраць яго дзеяньняў не было, але ён бачыў, як б’юць па шчытах іншых. Калі паўсталі каля Дома ўраду, людзі пачалі біць па шчытах. Яго схапілі за шчыт, пацягнулі за шлем, ударылі па руцэ. Ён ужываў гумаваю палку. На вуліцы Савецкай перагрупаваліся і пайшлі падзяляць натоўп на 2 часткі. Агрэсіўных адсеклі, суправаджалі ў спэцтранспарт. Зьняліся і паехалі. Пасьля ўсяго зьвярнуўся да мэдыкаў — балела левая рука. У шпіталі МУС агледзелі, пералому не было, вызначылі ўдар сустава.
Хто менавіта ўдарыў яго і біў іншых міліцыянтаў ён сказаць ня можа. Чым яго ўдарылі, сказаць ня можа. «Рукой ці нагой. нейкім цяжкім прадметам». Людзі крычалі: «Сыходзьце, чаго вы сюды прыйшлі? Мы усё роўны туды пройдзем».
«Дзейнічалі ўзгоднена, як мне падалося. Калі мы расьсякалі натоўп, пад нагамі валяліся розныя прадметы, у тым ліку прыстасаваньні для колкі ільда».
Адвакаты пытаюцца: Ці вы бачылі кагосьці, хто кіраваў мітынгоўцамі?
Сакач: У сэктары майго агляду ня бачыў.
Адвакат: Калі б яны захацелі, прарвалі б ваш ланцуг?
Сакач: Калі б усе разам пайшлі, то магчыма і так.
Сакач нікога з падсудных не апазнаў. Пра затрыманьні сказаў: «Хто хацеў сысьці, мог сысьці, а хто не хацеў, таго мы затрымлівалі».
11.27
Пацярпелы Ігар Зьнікевіч сказаў, што бачыў на плошчы Класкоўскага. Ён запомніўся, бо быў ля яго, некалькі разоў ударыў у шчыт, сказаў, чаго ты сюды прыйшоў, ідзі дахаты. Абвінавачаны сказаў некалькі зьняважлівых слоў, потым адышоў. Зьнікевіч кажа, што пазьней яму пырснулі ў вочы парашком з вогнетушыцеля, у яго забалелі вочы і ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, а потым паехаў у шпіталь.
Пракурор: Калі вы адцясьнялі людзей, яны супраціўляліся?
Зьнікевіч:
Пацярпелы кажа, што крыху глядзеў на Дом ураду, чуў гукі разьбітага шкла. Ён кажа, што Класкоўскі быў апрануты ў цывільную куртку, міліцэйскай формы на ім не бачыў. Абвінавачаны быў агрэсіўны, але прыкмет ап’яненьня не было. Ён запомніўся, бо падыходзіў, а потым Зьнікевіч бачыў відэа у інтэрнэце і пазнаў яго.
11.08 У судзе дае паказаньні пацярпелы Волкаў. Кажа, што прыбыў на працу, рушыў на Кастрычніцкую плошчу, адтуль, па загадзе, на плошчу Незалежнасьці. Знаходзіўся у транспарце. Каля 22.00 паступіла каманда выйсьці і рухацца да ганку. Падышлі і пачалі адціскаць людзей. Як спыніліся, да іх неаднаразова падыходзілі людзі, білі палкамі па шчытах, нагамі. Праз 15 хвілінаў адышлі, потым зноў была каманда разьдзяліць мітынгоўцаў. Быў у першым шэрагу. Кажа, што там яму нанесьлі ўдар па правым калене. Пад’ехаў транспарт і пачалі загружаць мітынгоўцаў. Да 4 гадзінаў раніцы знаходзіўся каля рэзыдэнцыі. Потым зьвярнуўся да лекара, дзе яму аказалі дапамогу.
Паводле пацярпелага Волкава мітынгоўцы паводзілі сябе агрэсіўна, білі па шчытах палкамі і нагамі. Скандавалі: «Далоў дзейную ўладу!» і іншыя лёзунгі. Яго нехта ўдарыў нагой у правае калена. Нікога з абвінавачаных там ня бачыў там. Сам нікога не затрымліваў. Як выглядала плошча калі сыходзілі, не зьвяртаў увагі.
Адвакат: Адных загрузілі ў транспарт, а з астатнімі што рабілі?
Волкаў: Адцясьнілі з плошчы і далей іх лёс мне невядомы.
Адвакат: Як вам нанесьлі ўдар — гэта адзін чалавек да вас падскочыў ці ўсе разам?
Волкаў: Падыходзілі — адыходзілі, вось і ўдарылі.
Адвакат: А чаму вы адышлі ад ганку?
Волкаў: Атрымалі загад і адышлі.
Волкаў кажа, што яго шэраг таксама спрабавалі прарваць. Ён не ўжываў ніякіх спэцсродкаў.
Абвінавачаны Вус пытаецца пра ўзрост тых, хто нападаў. Волкаў кажа, што ім каля 30 гадоў. Ён ня чуў, каб тыя, каго білі дубінкамі, крычалі «Ня біце, мы свае».
Абвінавачаны Класкоўскі пытаецца пра тое, як адціскалі натоўп ад ганку Дома ўраду. Пацярпелы пацьвердзіў, што адціснулі, але агрэсіўныя дзеяньні працягваліся. Ён кажа, што атрымаў загад адыйсьці і яму не перашкаджалі.
10.44
Пачаўся допыт пацярпелага камандзіра адзьдзяленьня амапаўцаў Скарахода. У 16 гадзінаў ён прыбыў на Кастрычніцкую плошчу, быў у рэзэрве, сядзеў у транспарце. Адтуль пераехалі на вуліцу Бэрсана. Паступіў загад экіпаравацца і рушыць да Дому ураду. Калі гэта было, не памятае. Спачатку проста стаялі. Потым мітынгоўцы паспрабавалі прарваць наш ланцуг: наносілі удары нагамі і рукамі. Падчас адной спробы прарвалі ланцуг, я паваліўся, невядомыя сарвалі зь мяне каску. супрацоўнікі палку адцясьнілі натоўп і я змог падняцца і ўстаць у шэрагі. Мы адышлі на вуліцу Савецкую, адтуль па загаду пайшлі расьсякаць натоўп. Калі мітынгоўцаў мы расьсеялі, я даклаў камузводу пра пашкоджаньні. Потым 4 дні я быў у шпіталі.
Пракурор: Ці бачылі вы, як білі шкло на ўваходзе?
Скараход: Так, павярнуўся на 2 сэкунды і бачыў, як білі палкамі па вокнах. Нікога з абвінавачаных там не бачыў. Там былі мужчыны 25–30 гадоў, некаторыя у зімовых шапках, шчыльна апранутыя, было ўражаньне, што рыхтаваліся.
Пракурор: А ці лёгка было запомніць нападнікаў на вас з улікам колькасьці мітынгоўцаў?
Скараход: Цяжка. Я бачыў толькі 1–2 шэрагі.
Пракурор: А ўспышкі фотаапаратаў былі, вам перашкаджала гэта бачыць?
Скараход: Так, успышкі былі.
Адвакат Станкевіч: Чаму вы вырашылі, што яны былі арганізаваныя?
Скараход: Бо яны перамаўляліся паміж сабой, браліся за рукі, разганяліся і ўразаліся ў нас, зьневажалі нас.
Скараход кажа, што раней браў удзел у такіх акцыях, ён кажа, што ў паводзінах мітынгоўцаў не было нічога новага.
Адвакат: Як паводзілі сябе людзі, калі вы адціскалі іх ад помніку?
Скараход: Некаторыя супраціўляліся, некаторыя не, проста адыходзілі.
Адвакат: Ці чулі вы загады ў натоўпе прарывацца і супраціўляцца?
Скараход: Не памятаю, каб нехта заклікаў, проста ўсе разам наступалі. Мы стаялі, а яны падыходзілі і наносілі ўдары.
10.15
Пачаўся допыт пацярпелага Дзьмітрыя Булавацкага. Ён распавядае, як мітынгоўцы пачалі кідаць у іх бутэлькі, лёд, ставіць падножкі, вырываць з шэрагаў, калі яны выстраіліся каля ўваходу ў Дом ураду. Яны адышлі да пэдунівэрсытэту, там атрымалі загад расьсекчы натоўп. Расьсеклі, узялі ў кальцо найбольш агрэсіўных і пачалі «іх загрузку у транспарт».
Пракурор: грубая нецэнзурнай лаянкай вас абражалі?
Булавацкі: Увесь час.
Пракурор: Як вы пацярпелі?
Булавацкі: Сарвалі каску і рукамі нанесьлі некалькі удараў па галаве.
Пракурор: Ці бачылі вы ў руках дэманстрантаў драўляныя палкі, іншыя прадметы?
Булавацкі: Палак непасрэдна перад сабой ня бачыў, бачыў вуды, а ў канцы. далей, бачыў людзей з палкамі, якія імі размахвалі.
Пракурор: А ў якім месцы вы расьсеклі натоўп?
Булавацкі: З боку пэдунівэрсытэту, зьлева.
Пракурор: Якую вам аказвалі дапамогу?
Булавацкі: Лекар агледзеў, убачыў разрыў верхняй губы, за пару дзён прайшло.
Пракурор: Экспэртызу праходзілі?
Булавацкі: Так.
Адвакат: Дзе вы былі на плошчы?
Булавацкі: Па ўсёй плошчы.
Адвакат: Вы сказалі, што ўзялі ў кальцо агрэсіўную групу. Дзе была гэта група?
Булавацкі: Ад помніка да правага крыла будынку і ўправа таксама.
Адвакат: Ці быў тады мароз?
Булавацкі: Не заўважаў.
Адвакат: Як вас сустрэлі?
Булавацкі: Усе разам сталі кідаць бутэлькі.
Адвакат: Якія бутэлькі?
Булавацкі: Ня ведаю. У бутэльках нешта было.
Адвакат: Ад бутэлек ніхто не падаў?
Булавацкі: Не, ніхто. Сталі адразу ставіць падножкі, вырываць з шэрагаў, сарвалі шлем і ўдарылі рукамі па галаве.
Адвакат перапытвае пра групу людзей, якая, паводле пацярпелага, размахвала палкамі. Хто гэта? Сьведка адказвае, што гэта былі тыя, хто спачатку адышоў, а потым яны наблізіліся і наносілі ўдары па амапаўцах.
Булавацкі сказаў, што бачыў абвінавачанага Аляксандра Класкоўскага.
«Стаяў у форме ДАІ, белая кашуля і зімовы бушлат. Узлахмачаны, твар чырвоны. Крычаў у наш бок нешта, прыкладна: «Хлопцы, што вы робіце? Давай, удар мяне, я адвучыўся…» Але даслоўна не памятаю. Каб ён біў каго, ня бачыў. Мяне не біў дакладна.
Адвакат: Чаму да вас агрэсіўна паставіліся?
Булавацкі: Я сам зьдзіўляюся. Нашы супрацоўнікі рэагавалі на гэта спакойна.
Адвакат: А якія лёзунгі крычалі абвінавачаныя?
Булавацкі: Не памятаю. З абвінавачаных бачыў толькі Класкоўскага на плошчы.
Адвакат: Ці вы выкарыстоўвалі спэцсродкі?
Булавацкі: Так, адціскаў шчытом.
Адвакат: А спэцсродкі?
Булавацкі: Не.
Адвакат: Вы непасрэдны удзел у затрыманьні абаронцаў прымалі?
Булавацкі: Не.
Адвакат: Калі вы сышлі з плошчы?
Булавацкі: Калі плошчу расчысьцілі.
Адвакат: А што вы да таго рабілі?
Булавацкі: Проста стаялі.
Булавацкі кажа, што не памятае, хто яму наносіў удары. Пасьля разгону мітынгоўцаў на плошчы быў сьнег, але перамяшаны зь нейкім сьмецьцем.
Адвакат: Ці наносілі вам удары па шчыту?
Булавацкі: Так, увесь час білі нагамі.
Задае пытаньні абвінавачаны Буланаў, цікавіцца абставінамі разгону і прадметамі, якія ён бачыў на плошчы. Булавацкі кажа пра палкі, Па ўсёй плошчы. За помнікам, перад помнікам? Паўсюль.
10.09
Адвакат Федарчук, абаронца Дзьмітрыя Вуса, заявіў хадайніцтва пра тое, што ў Вуса забралі падчас сьледзтва пашпарт. Адвакат просіць суд умяшацца і вярнуць Вусу пашпарт, а таксама прыняць захады да сьледзтва, якое не вяртае пашпарт. Вус падтрымаў хадайніцтва і патлумачыў, што ня можа без пашпарта атрымаць дапамогу на сына. Суд вырашыў не задавальняць хадайніцтва, пакінуць пашпарт у справе, а Вусу даць даведку, каб мог атрымаць грошы.
10.04
Працэс аднавіўся. Судзьдзя пытаецца пра наяўнасьць у залі пацярпелых. Частка зь іх знаходзяцца ў адпачынку, частка адкамандавана, адзін на лячэньні. Усяго ёсьць 8 пацярпелых.
У залі сваякі, сябры абвінавачаных, прадстаўнікі замежных амбасадаў, студэнты юрфаку. Падрыхтаваны экран для прагляду відэа і запрошаныя пацярпелыя амапаўцы, якія занялі дзьве першыя лавы. Такім чынам будзе працяглы допыт пацярпелых.
Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.