На працэсе, што ідзе ў Мінску, экс-кандыдат у прэзідэнты выступіў з заключнай прамовай.

Высокі суд, паважаныя прысутныя!

Не буду разбіраць абсурднасць абвінавачванняў. Судовае разбіральніцтва паказала іх надуманасць. Маю справу я разглядаю як праяву страху ўлады перад непазбежнымі пераменамі. Жаданне наказаць тых, хто не згодны з палітыкай правячай улады. Гэта яшчэ і палітычная расправа над кандыдатам, які склаў рэальную канкурэнцыю Лукашэнку. Я быў і застаюся прыхільнікам адкрытых і рашучых дзеянняў по змяненні ўлады ў Беларусі.

Усё, што адбываецца – гэта прадуманая маштабная правакацыя ўлады.

На гэта ўказваюць словы Лукашэнкі, што пасля выбараў ён з усімі разбярэцца. Словы Макея, які гаварыў аб наяўнасці доказаў, што рыхтуюцца сілавыя акцыі з боку апазіцыі з баевікамі. Але ў гэтай справе не прадстаўлена ніводнага доказу. Словы Ярмошынай, якая абвясціла, што паўнамоцтвы кандыдатаў заканчваюцца ў 20.00 19 снежня, а не пасля афіцыйнага агалошвання вынікаў выбараў. Тым самым яна дала адмашку сілавым органам дзейнічаць.

Праваахоўныя органы не спрабавалі ўступіць у кантакт з кандыдатамі да пачатку акцыі, каб забяспечыць яе парадак. Яны не засталіся каля Дома ўрада пасля першага біцця шкла, тым самым заахвоціўшы супрацьпраўныя дзеянні. Гэта пацвярджаюць і наступныя заявы Лукашэнкі.

Я выражаю павагу да тых людзей, хто зрабіў выбар на карысць праўды, ахвяраваўшы свабодай. Я ганаруся, что знаходжуся ў клетцы з Гнедчыкам, Мірзаянавым, Васілевічам, Яроменкам. Дзякуючы ім стала большай надзея на будучыню Беларусі.

У выніку сваіх дзеянняў 19 снежня ўлада канчаткова страціла давер сваіх грамадзян і сусветнай супольнасці. Наступствы гэтага ўжо заўважныя сёння: эканамічныя, палітычныя і нават спартовыя.

Пераважная большасць грамадзян хоча перамен. Мільёны людзей дэлегавалі сваю падтрымку тым, хто выйшаў на Плошчу. 19 снежня адбылася не акцыя пратэсту, а акцыя надзеі. Мы не толькі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, мы прапаноўвалі ўладзе перамовы, каб знайсці разам выхад з крызісу. Ва ўладзе не знайшлося сумленных і мужных людзей, якія прынялі б удзел у перамовах на Плошчы.

Прапанова дыялогу 19 снежня прывяла да збіцця мірных грамадзян.

З імі распраўляюцца з дапамогай судоў. Тыя людзі, якіх я і не надта добра ведаю, дапамаглі мне ў маёй кампаніі.

Мы ўсе хочам аднаго – жыць у сваёй Беларусі, не баяцца за сваё жыццё. За гэта нас і судзяць, парушаючы закон.

Хацелася б нагадаць, што тыя, хто парушае закон, непазбежна акажуцца на лаве падсудных.

Больш за месяц я не даваў паказанні ў СІЗА КДБ. Я спадзяваўся, што гэты абсурд скончыцца. Я прайшоў катаванні, пагрозы. І мне зноў давядзецца прайсці праз цяжкія выпрабаванні. Але ў мяне няма пачуцця нянавісці і помсты. Заклікаю суд вынесці законны вырак. Законнасць – гэта не выкананне супрацьпраўных указанняў.

Мяне пазбавілі магчымасці аддзячыць людзям, якія падтрымалі мяне, хто прагаласаваў за мяне. Я ведаю, што нас большасць. Мы даможамся свабодных выбараў!

Я люблю сваю сям’ю, я люблю Беларусь, я люблю свабоду. Я ведаю, што ўсе людзі будуць шчаслівыя, калі мы станем свабоднымі.

Жыве Беларусь!

* * *

Нагадаем, што суд пакараў Андрэя Саннікава пяццю гадамі турмы. Роўненька прэзідэнцкі тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?