“На тое, каб пагадзіцца з патрабаваньнямі Расеі, у Менску засталося 13 дзён”. Так піша сёньняшні “КоммерсантЪ”.

Загаловак і падзагаловак публікацыі гучаць, наўпрост кажучы, цынічна: “У Менску няма словаў. А можа не застацца і сувэрэнітэту”.

Масква сапраўды ўвайшла ў смак высьвятленьня стасункаў з тутэйшымі кіроўнымі вярхамі. Але ж сувэрэнітэт ня ёсьць цацкай, якую адбіраюць у Лукашэнкі за тое, што ня хоча дзяліцца трубою!

Вось крыўдзяцца маскоўцы, калі чуюць закіды наконт імпэрскага мэнталітэту. А ён жа хоцькі-няхоцькі вылазіць. Усё адно глядзяць на беларускую незалежнасьць як на нейкую гістарычную недарэчнасьць...

Але гэта адзін бок праблемы. І дзівіцца паводзінам Крамля няма чаго. Рана ці позна мусіла спраўдзіцца выслоўе пра бясплатны сыр, што бывае толькі ў пастцы. Вось Масква і чакае сёньня ля сваёй расчыненай пасткі.

І згодная чакаць яшчэ 13 дзён.

Дарэчы, газэта “Время новостей” падае амаль што анэкдатычную вэрсію: нібыта расейцы нават угаворвалі галяндзкі банк падвысіць у некалькі разоў ацэначны кошт “Белтрансгазу”, каб толькі зладзіць доўгачаканы гешэфт!

Так ці не, але справа пакуль што – ні зь месца.

У мінулую пятніцу, калі прагучалі словы беларускага афіцыйнага кіраўніка пра нібыта знойдзеную супольна з Пуціным нітачку, аўтар гэтых радкоў раіў не сьпяшацца з высновамі. У прыватнасьці, наконт таго, што капітуляцыя дэ-факта адбылася.

І сапраўды, наступныя камэнтары маскоўскага друку, зьнітаванага з крамлёўскімі крыніцамі, засьведчылі: перамовы на найвышэйшым узроўні 15 сьнежня праваліліся. Як зазначыў адзін з аўтараў, Лукашэнку не пашэнціла зьбіць кошт газу ні на цэнт.

Карацей, расейскі бок працягвае гнуць сваё: ад новага году газ па 200 даляраў плюс мыта на нафту, якое фактычна ставіць крыж на прыбытках ад продажу бензыну ды саляркі ў Эўразьвяз.

Масква катэгарычна ня верыць намёкам беларускага кіраўніцтва на гатовасьць да нейкіх зрухаў у пытаньнях канстытуцыйнага акту ды адзінай валюты. Тое, што ў нас хто-кольвек палічыў выкіданьнем белага сьцягу, расейцы расцанілі як чарговы немудрагелісты манэўр.

Вось красамоўная рэпліка эканаміста Міхаіла Дзялягіна у “КП” : “Гэтую вуду ён (Лукашэнка) закідае ўжо ня першы раз, каб падражніць Расею. Насамрэч Лукашэнку гэта нявыгадна. Увядзеньне рубля фактычна азначае страту Менскам сваёй незалежнасьці — хай сабе пакуль што і эканамічнай. Што загадаеце рабіць беларускай эліце і бізнэсу, калі ўсе грошы будуць у Маскве?”.

Беларускія вярхі разумеюць сытуацыю ня горай за Дзялягіна.

І зусім ня выключана, што Лукашэнка рызыкне выпрабаваць нэрвы крамлёўскага візаві. Так ідуць на таран, разьлічваючы, што ў апошні момант супернік збаіцца.

Ва ўсякім разе, палітоляг Валер Карбалевіч зазначае: ёсьць вялікім пытаньнем, наколькі Пуцін псыхалягічна гатовы да поўнамаштабнага канфлікту з апошнім стратэгічным хаўрусьнікам.

Так што можам дачакацца яшчэ і несанкцыянаванай адпампоўкі газу, і жорсткай антыкрамлёўскай рыторыкі з вуснаў афіцыйнага кіраўніка.

Іншая рэч, што закон бясплатнага сыру ўсё адно няўмольны. Улада мусіць так ці іначай плаціць паводле рахункаў. І ня толькі Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?