Калі Беларусь пачне будаваць атамную электрастанцыю каля межаў Літвы, то гэта на дзясяткі гадоў азмрочыць двухбаковыя адносіны.

Пра гэта заявіў 13 мая на адкрытых слуханнях у літоўскім сейме міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, паведамляе інтэрнэт-партал Delfi.

«У мяне, як у грамадзяніна Літвы і міністра замежных спраў, выклікае занепакоенасць і зусім незразумелая гатоўнасць Беларусі пабудаваць за 50 кіламетраў ад літоўскай сталіцы электрастанцыю, адносна якой ёсць шмат пытанняў без адказу», — сказаў міністр. На яго думку, «гэтае рашэнне Беларусі, калі яно будзе рэалізоўвацца, без усякіх сумненняў, магу адказна заявіць, на дзесяцігоддзі азромчыць адносіны Літвы і Беларусі і акажа ўплыў на парадак дня палітычнага супрацоўніцтва».

Міністр сцвярджае, што ў яго ёсць надзея, што «цяперашняе кіраўніцтва Беларусі пачуе і нашу цікавасць жыць у бяспечным акружэнні». Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, Ажубаліс зазначыў, што па гэтым пытанні павінна выказацца і беларускае грамадства.

Інтэрнэт-рэсурс нагадаў, што Літва крытыкуе планы Беларусі і Расіі будаваць атамныя электрастанцыі каля самай мяжы з Літвой. Палітыкаў Літвы хвалююць рэактары, якія, паводле іх сцвярджэння, дагэтуль рэальна не выпрабаваныя. Дагэтуль застаецца нязразумелым, чаму выбраныя пляцоўкі побач з мяжой, не падрыхтаваныя планы на выпадак аварыі, ігнаруюцца пытанні бяспекі.

Літва плануе за 10 гадоў пабудаваць атамную электрастанцыю ў Вісагінасе. Паводле плана, у праекце будзе браць удзел буйная замежная кампанія, а таксама ўрады трох краін Балтыі і Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?