Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан «рашуча асуджае» палітычна матываваны прыгавор, вынесены 14 мая экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Саннікаву.

У спецыяльнай заяве Эштан адзначае, што «глыбока занепакоена» суровымі прыгаворамі апошніх дзён у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі Беларусі.

«Цяперашнія падзеі не пакідаюць сумненняў у значным пагаршэнні сітуацыі з выкананнем правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі з тых пор, як на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года былі парушаны выбарчыя стандарты. Мелі месца палітычна матываваныя пераследы, арышты, затрыманні і судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ», — гаворыцца ў заяве Эштан.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі таксама сур’ёзна занепакоена паведамленнямі аб меркаваных катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання з апанентамі ўладаў у Беларусі.

Яна заклікала беларускія ўлады неадкладна спыніць расправу над палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць палітычна матываваныя судовыя працэсы, у тым ліку ў дачыненні да астатніх экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Эштан у чарговы раз заявіла аб гатоўнасці Еўрасаюза разгледзець «далейшыя мэтанакіраваныя абмежавальныя меры ва ўсіх галінах супрацоўніцтва» з афіцыйным Мінскам.

14 мая суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Яшчэ чацвёра фігурантаў судовага працэсу атрымалі ад 3 да 3,5 года пазбаўлення волі за «ўдзел у масавых беспарадках».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?