Працяг судовага працэса над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, Настай Палажанкай. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі (арт. 342). За ўдзел у Плошчы ўжо асуджаныя 30 чалавек, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты А. Саннікаў на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага

рэжыму

У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 17 мая.

18:00

Допыт Севярынца скончаны. Пасля яго адвакат Някляева падаў хадайніцтва аб далучэнні да справы звароту расійскіх акцёраў, у якім яны просяць суд быць аб’ектыўным, падобнага звароту расійскага Пэн-цэнтру, ліста Яўгена Яўтушэнкі, звароту 22 беларускіх пісменнікаў і паэтаў. А таксама выпіску з медыцынскай карты Някляева са звесткамі аб яго хваробах.

Пракурор выступіў супраць далучэння да матэрыялаў справы медыцынскай даведкі. Някляеў яго падтрымаў: «У мяне ўсё добра са здароў’ем».

Суддзя адмовілася далучыць да справы ліст Яўтушэнкі. Іншыя дакументы далучыць пагадзілася.

17:45

Севярынец: «Ну вось уявіце, што Віннікава перамагла на „Еўрабачанні“, сабралася пасля гэтага на Кастрычніцкай 50 тысяч чалавек, каб адсвяткаваць. Так што, іх усіх у турму?».

Паўлу задавалі пытанні і падсудныя. Уладзімір Някляеў пачаў свае пытанні да Севярынца са словаў: «Рады вас, Павел, бачыць у якасці сведкі, а не падсуднага. Гэта рэдка бывае».

17:30 — 17:35

Павел Севярынец засведчыў, што шэсця па поаспекце Незалежнасці на аднайменную плошчу не планавалася. Ён таксама абвергнуў звесткі абвінавачання аб накіраваным прарыве ланцуга супрацоўнікаў ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. «Віталь заклікаў усіх паводзіць сябе асцярожна, прыстойна, не паддавацца на правакацыі… Гэта было асабліва складана пасля навінаў аб збіцці Някляева», — паведаміў суду Павел Севярынец.

17:25

Відэапраглядаў сёння больш не будзе праз тэхнічныя праблемы. Суддзя Жукоўская перанесла іх на заўтрашні дзень.

Разам з тым яна абмеркавала з абаронай і пракурорам магчымасць допыту Паўла Севярынца ў якасці сведкі. Ппракурор выступіў супраць гэтага, адвакаты і абвінавачаныя — за. Суддзя хадатайства задаволіла. Павал увайшоў у залю.

17:17

Ізноў тэхнічныя праблемы. Відэа не прайграецца.

17:00

Дэманструецца тэлевыступ Віталя Рымашэўскага.

16:55

Паседжанне аднавілася толькі зараз. Тэхнічны супрацоўнік прынёс у залю іншы ноўтбук. Спрабуе наладзіць прагляд відэазапісаў.

16:09

Някляеў паглядзеў відэа і зазначыў: Тут бачна, што кандыдатаў пазбавілі магчымасці арганізаваць Плошчу. Віна ляжыць на Куляшове і яго людзях».

Зараз будзе дэманстравацца выступ Рымашэўскага пра БТ. Ён таксама выступіў з хадайніцтвам аб далучэнні да справы відэа. якое ён прынёс у суд на дыску. Відэа здымалі журналісты. Пракурор выступіў супраць, суддзя таксама. ««Невядома, хто і калі зняў гэта відэа», — сказала яна.

Тэхнічныя праблемы з відэа. Перапынак.

15:45

Відэа з Кастрычніцкай плошчы. Людзі на ім гукаюць «Жыве Беларусь!». Бачна, як кандыдаты пачынаюць рух з прыступак Палаца прафсаюзаў.

15:42

Працэс аднавіўся толькі зараз. Падчас перапынку ў залу зноў увайшоў Севярынец. Адвакат Рымашэўскага падаў хадайніцтва ад допыце Паўла ў якасці сведкі. Суддзя папрасіла Паўла выйсці і пачакаць пакуль не скончыцца прагляд відэа.

14:40

Зараз дэманструецца відэа відэааператара НН Таццяну Гаўрыльчык, знятае на Калектарнай падчас нападу на калону Някляева. На ім добра чуваць выбухі, крыкі людзей. Затым бачныя кадры са збітым і непрытомным Някляевым.

Відэа НН з Калектарнай паказалі цалкам, без абрэзак. Зараз пачаўся прагляд відэа з Прывакзальнай, дзе сваю калону збтраўз Рымашэўскі.

Новае відэа — з плошчы Незалежнасці. Выступаюць Саннікаў, Палажанка і Рымашэўскі. Патрабуюць свабодных выбараў

Пачалі паказваць відэа шэсця па праспекце.

Тэхнічныя праблемы. Перапынак на 7 хвілін.

14:37

Наступнае відэа з Кастрычніцкай вечара 19 снежня. на ім выступы Саннікава, Кастусёва і Дзмітрыева.

14:14

Наступнае відэа. На ім падчас сустрэчы з выбарцамі ў Мазыры прамаўляе Віктар Гарбачоў.

14:10

Пасяджэнне працягваецца. Прысутным паказваюць відэа сустрэчы Вазняка з выбарцамі.

Зала амаль запоўненая. Падчас перапынку да суда прыязджаў Павел Севярынец — сустракаўся з Рымашэўскім і Палажанкай, але на працэс не пайшоў.

12:34

На трэцім выступе, як і на першых двух, бачна, што Някляеў заклікае людзей менавіта на мірную акцыю. Ён неаднаразова паўтараў гэта, адказваючы на пытанні людзей на сустрэчы з ім.

Наступны відэазапіс з удзелам Вазняка. Ён выступае на сустрэчы з выбарцамі. Але адбыўся тэхнічны збой, прагляд перарваўся, і суддзя абвясціла перапынак на 14:00.

12:17

Пачынаецца прагляд яшчэ аднаго відэа.

12:10

Тэлевыступ Някляева скончыўся чытаннем верша: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі». Частка прысутных на працэсе пачалі апладзіраваць, але такія свавольствы спыніла.

11:57

Суддзя Жукоўская прыпыніла разгляд сустрэчы Някляева з выбарцамі. Зараз прыстуным пакажуць запісы яго выступаў па БТ.

11:40

Працэс аднавіўся. Суддзя загадала Дзмітрыеву зачыніць ноўтбук і пакласці яго за спіну Някляеву. Прагляд відэа сустрэчы Някляева з выбарцамі працягнуўся.

11:28

Палажанка папрасіла перапынка на 5 хвілін, суддзя дазволіла.

10:59

Прагляд відэа працягваецца, відэа досыць непрафесійнае, амаль без мантажу. Магчыма, гэта спробы відэафіксацыі спецслужбамі.

Са словаў Дзмітрыева, адвакатаў перад пачаткам пасяджэння папярэдзілі, што сёння могуць пачацца судовыя спрэчкі. Гэта выклікала здзіўленне ў абарону і саміх абвінавачаных.

10:10 Суддзя паведаміла, што першым пазначаны DVD з запісам тэлевыступу Някляева па БТ. Зараз паказваюць моманты з выбарчай кампаніі. Напрыклад, выступ перад выбаршчыкамі ў Барысаве.

9:55

Людзі паціху запаўняюць залу суда. Прысутнічаюць замежныя дыпламаты, прадстаўнікі АБСЕ.

Прыцягнулі ў залу велізарны плазменны тэлевізар для прысутных, у суддзі — ноўтбук. Сёння будзе праглядацца відэа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?