МЗС Беларусі не выключае магчымасьці ужываньня кропкавых мер супраць асобных апазыцыйных палітыкаў і структур. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

«Калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле нэгатыўнага сцэнару, то мы будзем гатовыя пайсьці на кропкавыя меры ў адказ, перш за ўсё ў дачыненьні да тых палітыкаў і тых структур, якія зьяўляюцца генэратарамі антыбеларускай дзейнасьці», — сказаў прэсавы сакратар. У той жа час ён растлумачыў, што казаць аб гэтых мерах у адказ варта будзе толькі тады, калі паўстане рэальная неабходнасьць іх увядзеньня, паведамляе БЕЛТА.

«Цяпер мы ўцягнутыя ў працэс, каб заклікі Эўрапейскага парлямэнту не рэалізаваліся ў выглядзе рашэньняў Рады ЭЗ, — адзначыў ён. — І калі нашы намаганьні будуць рэалізаваныя станоўча і ў нашых партнэраў пераможа здаровы сэнс, то, магчыма, аб мерах нам і не давядзецца гаварыць».

Андрэй Савіных зьвярнуў увагу, што па многіх пытаньнях, якія патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі, падрыхтоўка пачынаецца задоўга да прыняцьця рэальнага рашэньня. Прапрацоўка пытаньняў ідзе па ўсім магчымым сцэнарах, а рашэньне прымаецца толькі па адным з іх.

Афіцыйная пазыцыя МЗС на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі ўжо была апублікаваная. «Перш за ўсё, мы канстатавалі, што падыход Эўрапарлямэнта супярэчыць прынцыпам добрасуседзтва, — нагадаў Андрэй Савіных. — МЗС працягвае спробы ўсё-такі вярнуць дыялёг у нармальнае канструктыўнае рэчышча з тымі эўрапейскімі партнэрамі, якія гэтага жадаюць».

Паводле яго слоў, санкцыі не прыносяць жаданых вынікаў. «І вельмі вялікая колькасьць сацыяльных груп, палітыкаў, мысьляроў ў Эўропе выдатна разумеюць беспэрспэктыўнасьць гэтага кірунку. Вось чаму мы ўпэўненыя, што падыходы Эўрапарлямэнту могуць быць не падтрыманы эўрапейскай грамадзкасьцю», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

12 траўня Эўрапарлямэнт праняў рэзалюцыю з заклікам да адрасных эканамічных санкцый супраць афіцыйнага Менску. У той жа дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?