З загадчыцай Парадуньскай сельскай бібліятэкі (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.) Галінай Юсевіч не падоўжылі працоўнага кантракту.

Жанчына бачыць некалькі прычынаў: занадта сьмела дамагалася паляпшэньня ўмоваў працы, ды яшчэ наважылася балятавацца ў дэпутаты сельскага савету. Дагэтуль бібліятэкарка ня мела на працы нават заўвагаў.

У бібліятэцы сп. Галіна адпрацавала два гады. За гэты час яна дамаглася адсутных дагэтуль пячнога ацяпленьня, супрацьпажарнай сыгналізацыі ды прыбіральні. З абнаўленьнем кніжнага фонду было найцяжэй – за апошні год працы здолела «выбіць» з раёну толькі 9 кніг. Бібліятэкарка зьвярталася ў абласное ўпраўленьне культуры, міністэрства, бо звароты да мясцовых уладаў не давалі плёну. Паводле яе запыту ў органы дзяржкантролю было ўстаноўленае нямэтавае выкарыстаньне сродкаў раённым упраўленьнем культуры на суму звыш паўтара мільёна рублёў.

У дэпутаты Галіна Юсевіч ішла не для ўдзелу: «Я шмат чаго дамаглася, працуючы ў бібліятэцы, і гэта бачылі людзі». Бібліятэкарка балятавалася на выбары ў Доцішкаўскі сельсавет ў якасьці альтэрнатыўнага кандыдату, шляхам збору подпісаў. Назьбірала 142 подпісы, пры 75-ці мінімальна неабходных для рэгістрацыі. Але падала сьпісы зь 97-ю подпісамі. І тут пачаліся дзівосы. Выбарчая камісія зарэгістравала толькі 62 подпісы, астатнія нібы былі адкліканыя падпісантамі.

Цяпер сп. Юсевіч чакае суду – спрабуе атрымаць кампэнсацыю ад працадаўцаў, бо лічыць, што прыпыненьне кантракту было зроблена з парушэньнямі. Пра сваё незрэалізаванае дэпутацтва шкадуе: «Веру, што магла шмат зрабіць для сваіх землякоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?