Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч звярнуўся ў Пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку шэрагу каментароў у эфіры Першага тэлеканала. Іх аўтары лічаць, што ёсць падставы скласці спіс невыязных апазіцыянераў.

У прыватнасці, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін заявіў, што «некаторыя прадстаўнікі так званай апазіцыі да 40 раз, а можа быць і больш, выязджаюць за мяжу, атрымліваюць там камандзіровачныя, атрымліваюць гатоўкай грошы на сваё ўтрыманне і вядуць такое нябеднае існаванне».

А Сяргей Мусіенка, дырэктар аналітычнага цэнтра ЕсооМ, выказаў здагадку, што «ў той час як многія беларускія міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы накіроўваюць свае намаганні на тое, каб наладзіць адносіны з Еўрапейскім Саюзам, зрабіць імідж краіны пазітыўным, у гэтых людзей іншая задача. Таму чым менш яны будуць бываць на Захадзе, тым, напэўна, будзе лепш для іміджу краіны».

І Гігін, і Мусіенка выказаліся за тое, каб забараніць некаторым грамадзянам выезд за мяжу.

У звароце Губарэвіча ў пракуратуру гаворыцца, што «у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (арт. 33). Аднак у любым дэмакратычным грамадстве павінны існаваць механізмы, якія прадухіляюць злоўжыванне правамі ў сітуацыях, калі рэалізацыя аднаго права парушае або ставіць пад пагрозу іншыя канстытуцыйныя правы грамадзян. Лічу, што Генеральнаму Пракурору варта прыняць усе даступныя яму заканадаўчыя меры ўздзеяння ў адносінах да грамадзян Гігіна В. і Мусіенки С. для прадухілення распаўсюджвання ў СМІ і грамадстве выказванняў, якія закликаюць да незаконнага абмежавання канстытуцыйных правоў беларускіх грамадзянаў».

Палітык кажа, што арт. 30 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Таксама арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што кожны грамадзянін мае права выязджаць з Рэспублікі Беларусь і не можа быць пазбаўлены права на выезд з Рэспублікі Беларусь.

А арт. 7 згаданага закона, адзначае Юры Губарэвіч, устанаўлівае закрыты пералік падставаў для часавага абмежавання права грамадзян на выезд з краіны.

Гэта тычыцца тых, хто валодае дзяржтаямніцамі, мае статус падазраванага, абвінавачанага ці асуджанага па крымінальнай справе, ухіляецца ад ваеннай службы, не выконвае якіх-небудзь абавязацельстваў перад дзяржавай, а таксама даўжнікоў і тых, каму прад’яўлены грамадзянскі пазоў у судзе.

«Лічу, што грамадзяне Гігін В. і Мусіенка С., выказаўшы прыведзеныя вышэй меркаванні аб магчымасці абмежаванні канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку выклікалі рэакцыю прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Андрэя Савіных, які 16 мая 2011 года ў эфіры АНТ заявіў аб «магчымасці прымянення кропкавых мер (па абмежаванні права на выезд) супраць асобных палітыкаў і структур», — гаворыцца ў звароце намесніка старшыні Руху «За Свабоду».

Паводле яго слоў, «такія выказванні публічных персон могуць падштурхнуць іншых дзяржаўных служачых і надзеленых уладай людзей да магчымага парушэння або абмежавання правоў і свабод грамадзян на падставе іх палітычных перакананняў або прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў».

Юры Губарэвіч просіць Пракуратуру правесці праверку і даць прававую ацэнку законнасці выказванняў Вадзіма Гігіна Сяргея Мусіенкі наконт таго, не ці не парушаюць яны ч. 5 арт. 16 і арт. 190 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Для даведкі. Артыкул 190. Парушэнне раўнапраўя грамадзян

Наўмыснае прамое або ўскоснае парушэнне, альбо абмежаванне правоў і свабод, альбо ўсталяванне прамых або ўскосных пераваг грамадзян у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага або службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, што пацягнулі істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, — караюцца штрафам, або папраўчымi працамі на тэрмiн да двух гадоў, ці абмежаваннем волі на той самы тэрмін, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?