Года таму памёр ад раку страўніка адзін з найбольш выбітных вакалістаў у гісторыі сусветнага хард-року і хэві-металу Роні Джэймс Дыа (Падавона).

Ясна, што ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі для адносна невялікай колькасці незалежных журналістаў, якія засталіся ў прафесіі і могуць працаваць, не чакаюць, як вельмі паважаны мною калега Андрэй Пачобут, судовага працэсу, пісаць пра амерыканскага спевака італьянскага паходжання, які, да таго ж памёр год таму, можа падавацца дзівацтвам.

Дазвольце, аднак, не пагадзіцца… Слухаю сёння адзін з апошніх канцэртаў сольнага гурту Дыа, што ёсць у запісе «Holy Diver Live»…

Калі ў 1988–89 мяне змушалі ў школе ісці да цырульніка, бо былі занадта даўгія з пункту гледжання ваенрука валасы, дык, паслухаўшы Дыа (Stand up and shout! — «Устань і крычы!»), я не ішоў — цяжкі рок быў у тыя часы сапраўдным пратэстам супраць «саўка». Але не пра мяне гаворка….

Роні Джэймс Дыа быў чалавекам высокай асабістай культуры ды адказнасці, што сярод металістаў, скажам праўду, сустракаецца не так часта. Калі з канцом 80-х залы на канцэртах былога вакаліста Rainbow i Black Sabbath пачалі змяншаца, дык той сказаў: «Ну што ж, калісьці Mеtallica грала «на разагэве» перад маім выступам, а цяпер — наадварот, але такія законы рынку. Я, аднак, працягну несці сваю музыку публіцы і, калі трэба, буду граць «на разагрэве». І граў, граў часта, дзесяцігоддзямі.

Пры канцы жыцця Дыа ізноў вярнуўся ў першую лігу сусветнага металу, бо пачаў граць з музыкамі Black Sabbath. Аднак гэты 67-гадовы, акрамя іншага, вынаходнік вядомай ва ўсім свеце «казы» — знаку металістаў, да смерці застаўся надзвычай сціплым чалавекам. І чалавекам, які надзвычай адказна падыходзіў да сваёй працы, нават калі замест статысячных стадыёнаў, на ягоныя яканцэрты прыходзілі некалькі сотняў чалавек.

Асацыяцыі, як падаецца, відавочныя:

няхай нас цяпер не маюць магчымасці слухаць мільёны, але праўда — на нашым баку, трэба толькі рабіць сваю справу, не зважаючы ні на што.

Пасля смерці Дыа ў часе сваіх канцэртаў адмыслоўва ў яго гонар гралі Iron Maiden, Kiss, Metallica, Jon Lord, Y&T, Evergrey, Manowar — найвялікшыя свету цяжкай музыкі… А ў Балгарыі адкрылі нават помнік «малому чалавеку з вялікім голасам».

У гонар чалавека, які на сваім першым сольным альбоме першаю змясціў песню «Stand up and shout»:

You’ve got desire

So let it out

You’ve got the fire

Stand up and shout

Маеш жаданне?

Дык пакажы яго!

Маеш агонь?

Дык устань і крычы!

Памятайма, што наша роля — устаць і крычаць!

RIP Роні Джэймс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?