Працяг судовага працэса над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, Настай Палажанкай.
Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі (арт. 342). За ўдзел у Плошчы ўжо асуджаныя 30 чалавек, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты А. Саннікаў на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

19.20

Абвешчаны перапынак да 10-й раніцы 18 мая.

17.00

Пракурор папрасіў пакараць абвінавачаных: Някляева — 3 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Дзмітрыева — 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гадамі, Фядуту — 2 гадамі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады, Вазняка — 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады, Рымашэўскага — 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады, Палажанку — 1 годам 6 месяцамі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год.

Максімальнае пакаранне паводле арт. 342 КК РБ, які інкрымінуецца абвінавачаным — 3 гады пазбаўлення волі. За ўдзел у Плошчы ўжо асуджаныя 30 чалавек, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты А. Саннікаў на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

15.50

У судзе — перапынак, пасля якога пачнуцца судовыя спрэчкі.

14.50

Пракурор зачытвае паказанні Дзмітрыева, дадзеныя падчас папярэдняга следства. Яны паўтараюць паказанні Фядуты. У прыватнасці, таксама паведамляе, што ўдзельнічаў у семінарах па абмеркаванні Плошчы, якія праводзіліся ў Літве. Таксама настойвае на мірным характары акцыі. Адвакат Дзмітрыева звярнула ўвагу суддзі на тое, што ўсе заявы яе падабароннага насілі дэкларатыўны характар.

14:25

Пракурор заявіў, што мае пытанні не толькі да Фядуты, але таксама і да Дзмітрыева з Вазняком. Зараз ён удакладняе ў А.Дзмітрыева, якія аналітычныя матэрыялы ён рыхтаваў. Пракурор сцвярджае, што раней Дзмітрыеў настойваў на тым, што «Гавары праўду» не займалася планаваннем развіцця палітычнай сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў, аднак падчас папярэдняга расследавання было высветлена, што ўдзельнікі кампаніі «ГП» займаліся аналізам магчымага развіцця падзей падчас выбараў.

Таксама пракурор заявіў, што А.Дзмітрыеў, як і Фядута, складаў вусныя партрэты. А.Дзмітрыеў заявіў, што даваць паказанняў аб гэтым не будзе.

14:20

Паседжанне аднавілася. Суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтваў адвакатаў. Таксама заявіла, што матэрыялы, датычныя дзейнасці «Гавары праўду», могуць быць выкарыстаныя і пры разглядзе дадзеныай крымінальнай справы, так як могуць утрымліваць важную інфармацыю.

Лёс канфіскаванай 18 мая тэхнікі, якую лідарам «Гавары праўду» так і не вярнулі, будзе вырашаны пры вынясенні прыгавору.

13:15

Суддзя абвясціла перапынак да 14:00

12:37

Адвакат Някляева: «Высокі суд, 18 тамоў крымінальнай справы, датычныя дзейнасці „Гавары праўду“, маюць дачыненне да працэсу, а пастанова аб спыненні справы паводле гэтых 18 тамоў — не мае. Як гэта можна зразумець?». Заява адваката выклікала пратэсты з боку пракурора. Ён палічыў, што яна ўтрымлівае ціск на яго асобу.

Суддзя Жукоўская абвясціла чарговы перапынак на 10 хвілін.

12:30

Пракурор агучыў матэрыялы, паводле якіх А.Фядута падчас следства заяўляў следчаму, што «Някляеў сам ніякіх фінансавых сродкаў не атрымоўваў і аб крыніцах фінансавання кампаніі „Гавары праўду“ нічога не ведаў».

Адвакаты і абвінавачаныя працягваюць пратэставаць супраць агучвання матэрыялаў, датычных «Гавары праўду». Прычына — спыненне справы, якая была распачатая 18 мая 2010 года ў сувязі з дзейнасцю кампаніі.

12:25

Паводле матэрыялаў следства, А.Фядута прызнаваў, што шэсце па праспекце Незалежнасці было запланава. Меркавалася, што такім чынам можна будзе перамясціць людзей да Дома ураду з мэтай перадачы рэзалюцыі С.Сідорскаму.

12:15 — 12:20

Суддзя Жукоўская задаволіла хадайніцтва пракурора. Зараз ён зачытвае паказанні Фядуты, дадзеныя падчас следства. Там вядзецца пра фінансаванне кампаніі «Гавары праўду». Паводле пратакола, А.Фядута гаворыць пра сустрэчу з донарамі на тэрыторыі Польшчы і называе суму ў 4,5 млн. амерыканскіх долараў.

Акрамя гэтага, гаворыцца пра магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у снежня 2010 году. А.Фядута прызнае, што змена прэзідэнта падчас выбараў немагчымая, адпаведна больш верагодны сцэнар дзеянняў — перамовы з прадстаўнікамі ўладаў. У прыватнасці, С.Сідорскім.

11:57

Пракурор выступіў з жаданнем зачытаць некаторыя дакументы справы, датычныя дзейнасці кампаніі «Гавары праўду». Супраць гэтага выступіла адвакат А.Фядуты і Наста Палажанка. «Я не разумею, навошта мы павінны гэта слухаць», — заявіла яна.

Суддзя абвясціла перапынак 10 хвілін.

11:45

На экране дэманструецца партрэт чалавека, намаляваны са словаў А.Фядуты. Сам А.Фядута заявіў, што падчас следства на яго аказваўся разнастайны ціск, чуліся пагрозы распачаць справу зусім па іншым, больш цяжкім артыкуле. З яго словаў, на роздум яму далі ўсяго 15 хвілін. «Таму я вырашыў, што маю права гаварыць гэтым людзям няпраўду. Мне прад’явілі адзін з нікаў з майго скайпа. Пасля гэтага адбыўся шэраг працэдур, уключаючы размовы з супрацоўнікамі КДБ без адваката. Мне прапанавалі стварыць партрэт (маецца на ўвазе чалавек пад прад’яўленным нікам са скайпа) гэтага чалавека з маіх словаў… Мне пагражалі артыкуламі „Здрада Радзіме“, „Шпіянаж“ і іншымі. Тым, што дэманструецца зараз, закладваецца аснова пад завядзенне новай справы. Закладваецца аснова пад „шпіёнскі працэс“. Прашу альбо спыніць гэта, альбо дазволіць мне пакінуць залу да моманту спрэчак у сувязі са стратай даверу да суда», — заявіў А.Фядута.

Пракурор пачаў дэманстраваць наступныя партрэты. А.Фядута заявіў, што пазнае ў адным з іх амерыканскага акцёра. А таксама папрасіў пракурора паказаць яму не малюнкі, а фатаздымкі, а лепш увогуле запрасіць у суд на паседжанне гэтых людзей.

11:40

Дыскусія паміж пракурорам Кажэўнікавым і абвінавачаным А.Фядутам працягваецца. Пракурор згадвае аб тым, што падчас следства А.Фядута складваў суб’ектыўныя партрэты некаторых асобаў. А.Фядута гэты факт пацвярджае, гаворыць аб гатоўнасці даць адпаведныя тлумачэнні.

У дыскусію уключылася адвакатка А.Фядуты. Яна лічыць, што партрэты не маюць дачынення да разгляду справы. Аднак суддзя падтрымала пракурора ў яго жаданні паказаць партрэты на маніторы тэлевізара.

11:32

Паводле матэрыялаў следства, большасць дакументаў штаба Някляева была падрыхтавана А.Фядутам, А.Дзмітрыевым і С.Навумавай. Аб гэтым падчас допытаў у следчага заявіў сам А.Фядута.

Адвакатка А.Фядуты заўважыла, што дадзеныя доказы не могуць быць прынятыя, бо атрыманыя з парушэннем канстытуцыйных нормаў. Яна сцвярджае, што А.Фядута быў пазбаўлены сваіх правоў падчас знаходжання ў СІЗА. Адвакатка паведаміла суддзі, што не мела магчымасці падрыхтаваць свайго падабароннага да допытаў.

У дадатак У.Някляеў заявіў, што агучаныя пракурорам дакументы датычаць дзейнасці кампаніі «Гавары праўду», справа па якой зачыненая. Някляеў таксама паведаміў, што падчас следства 90% пытанняў следчых датычылі менавіта дзейнасці кампаніі «ГП», а не прэзідэнцкай кампаніі Някляева.

11:20

Паводле пратаколу допыту, А.Фядута прызнае, што з’яўляецца адным з аўтарам дакумента, які ўтрымлівае магчымыя сцэнары правядзення прэзідэнцкіх выбараў, а таксама механізмы рэалізацыі пастаўленых мэтаў.

А.Фядута таксама паведаміў, што на пачатковым этапе дзейнасці кампаніі законнымі спосабамі прыцягнуў фінансавыя сродкі ў памеры 50 тыс. амерыканскіх долараў. У далейшым ён не займаўся крыніцамі фінансавання. Гэтыя задачы, паводле пратаколаў допытаў у следчага, былі ўскладзеныя на А.Дзмітрыева.

«Хацелася б, каб пракурор прадаставіў іншыя дакументы, якія б падцвярджалі дастаўкай мной грашовых сумаў. Следства павінна грунтавацца не толькі на паказаннях самога абвінавачанага. Тым больш, што я не меў магчымасці кантактаваць са сваім адвакатам столькі, колькі мне было неабходна», — заявіў А.Фядута.

11:15

Пракурор Кажэўнікаў заявіў, што ў паказаннях Фядуты, дадзеных падчас следства і падчас судовага паседжання існуюць сур’ёзныя рознагалоссі. Таму ён лічыць, што варта агучыць пратаколы допытаў А.Фядуты падчас следства. Адвакат А.Фядуты запярэчыла, што допыты ў СІЗА КДБ праходзілі з парушэннем заканадаўства (пры адсутнасці адваката і немагчымасці кансультацый з падабаронным), а таксама датычылі крымінальнай справы па іншым артыкуле. Таму яна выступае супраць агучванне гэтай часткі матэрыялаў следства.

Суддзя задаволіла хадайніцтва пракурора. Цяпер ён пачынае зачытваць пратакол допыту А.Фядуты, датаваны 14 студзеня.

11:07

Фядута адказаў пракурору: «Я як палітолаг пісаў шмат аналітычных запісак, дзе разглядаліся самыя розныя сцэнары развіцця падзей. Калі дзяржаўны абвінаваўца паведаміць, калі гэты дакумент быў створаны і з якога носьбіта ён быў зняты, то я змагу адказаць». Пракурор адказам не задаволіўся і працягвае распытваць А.Фядуту.

11:05

Адвакаты Някляева падалі хадайніцтва аб праглядзе на паседжанні відэазапісу інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, зробленага на вуліцы Калектарнай падчас нападу на калону Някляева. Пракурор Кажэўнікаў выступіў супраць, матывуючы гэта тым, што крыніцу відэазапісу немагчыма ўстанавіць. Суддзя Жукоўская падтрымала пазіцыю пракурора.

Зараз пракурор задае пытанні падсудным. У прыватнасці — Аляксандру Фядуце. Яго цікавіць, ці прымаў удзел А.Фядута ў распрацоўцы сцэнару акцыі пратэсту.

11:00

Прагляд запісу тэледэбатаў скончаны. Суддзя паведаміла, што існуе магчымасць прагляду фільма БТ «Жалезам па шкле». Аднак пракурор не стаў настойваць на яго праглядзе, падсудныя і адвакаты таксама. «Дзякуем. Ужо бачылі», — заявіў Уладзімір Някляеў.

10:45

Прагляд запісу тэледэбатаў працягваецца. Цікава, што запіс пачалі дэманстраваць ужо пасля таго моманту, калі Уладзімір Някляеў пакінуў залю. Адпаведна з падсудных у запісе дэбатаў фігуруе толькі Віталь РЫмашэўскі.

10:25

Суддзя ўсё ж прыпыніла прагляд відэа з плошчы Незалежнасці. «Абвінавачаны Рымашэўскі, вы ўсё пабачылі, што хацелі», — запытала яна. «Так. Мы проста раней гэтага запісу не бачылі», — адказаў сустаршыня БХД.

Зараз пачаўся прагляд запісу тэледэбатаў.

10:15

Прагляд відэа працягваецца. На ім зафіксаваныя моманты біцця шкла ў вокнах і дзвярах Дома урада. Нікога з падсудных на відэа не бачна. Пракурор Андрэй Кажэўнікаў нават прапаноўваў спыніць прагляд гэтага роліка. Аднак прагляд быў працягнуты на просьбу Віталя Рымашэўскага.

10:00

Паседжанне пачалося. У зале ізноў стаіць вялікі тэлевізар. Суддзя Жанна Жукоўская паведаміла, што сённяшні дзень пачнецца з прагляду відэазапісаў з плошчы Незалежнасці.

На відэа бачна, як Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч заклікаюць «мяняць лысую рызіну». Таксама там фігуруе Віталь Рымашэўскі, ён патрабуе вызвалення палітвязняў і заклікае выйсці на плошчу да людзей кіраўнікоў сілавых структур. Людзі гукаюць: «Свабодныя выбары без Лукашэнкі». Відэа вельмі дрэннай якасці.

Заля суда запоўненая амаль цалкам. Значную частку прысутных (каля 20 чалавек) складаюць «студэнты-практыканты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?