Сёння ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пройдзе падрыхтоўчае паседжанне паводле пазову Міністэрства інфармацыі Беларусі аб спыненні выхаду недзяржаўнай газеты «Народная воля».

Міністэрства настойвае на закрыцьці выданьня і спасылаецца пры гэтым на Закон «Аб СМІ», які прадугледжвае такую форму пакараньня. Кіраўніцтва газэты на гэта адказвае, што папярэджаньні, якія сапраўды ёсьць у «Народнай волі», вынесеныя ёй за дробныя і не прынцыповыя рэчы.

Сёньняшні судовы працэс фактычна пачаўся яшчэ 13 траўня. Але тады паседжаньне цягнулася ўсяго 15 хвілінаў. Судзьдзя Маёрава задаволіла хадайніцтва галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча аб перапынку. Ня ўсе дакумэнты, якія неабходныя для разгляду пазову Міністэрства інфармацыі, былі тады падрыхтаваныя. Ды і адвакат Гары Паганяйла, якому рэдакцыя даверыла абараняць свае інтарэсы ў судзе, нечакана затрымаўся ў замежнай камандыроўцы.

Сёньня такіх перашкодаў быць ужо не павінна. І таму прадстаўнікі «Народнай волі» разьлічваюць на паўнавартаснае паседжаньне. Іосіф Сярэдзіч кажа, што ягоную газэту запалохаць немагчыма: «Улада на тое і ёсьць улада, каб палохаць слабенькіх. Нас не запалохаць! Мы будзем несьці адказнасьць за сапраўды свае памылкі, але за тыя памылкі, якія ёсць ключавымі, і за якія павінны несьці адказнасць і газэта, і рэдактура. Калі ставіцца вось такім чынам, як цяпер выкарысталі момант і зьвярнуліся з пазовам прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, то мы далёка зойдзем».

Міністэрства інфармацыі ня можа самастойна спыніць выхад «Народнай волі». Такое рашэньне ў кампэтэнцыі толькі Вышэйшага гаспадарчага суду краіны. Міністэрства спасылаецца на дзейнае заканадаўства, у якім ёсьць такая норма – калі нейкае выданьне цягам аднаго каляндарнага году атрымлівае два і больш папярэджаньняў, яго выхад можна спыніць.

Іосіф Сярэдзіч цьвердзіць: папярэджаньні, што вынесьлі выданьню, не маюць пад сабою сур'ёзнай юрыдычнай падставы: «Міністэрства інфармацыі зьвярнулася з пазовам на падставе таго, што ёсьць шэраг папярэджаньняў цягам году. Дык вы ведаеце, «Советской Белоруссии» можна выносіць чатыры папярэджаньні за адзін нумар. Ня трэба на працягу году. Дастаткова ўзяць адзін нумар, калі мець на ўвазе такія папярэджаньні, што выносіліся «Народнай волі». Што ж гэта за папярэджаньне, калі, напрыклад, летась мы перадрукавалі кніжку, слова ў слова? Кніжку, якую выдала афіцыйнае выдавецтва, якое мае на гэту працу адпаведную ліцэнзію! Дык, што, мы павінны былі гэту кніжку крэмзаць, рэзаць, перарабляць!? Дык нас жа аўтар пацягнуў бы ў суд».

Сёньня судовы працэс працягнецца. А 18 траўня той жа Вышэйшы гаспадарчы суд будзе разглядаць скаргу «Нашай нівы» на трэцяе папярэджаньне з боку Міністэрства інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?