17.05.2011 / 11:47

Дыпламаты і сваякі палітвязняў напісалі дыктоўку паводле «Лістоў з-пад шыбеніцы» 1

16 мая паслы краін ЕC і Украіны, сваякі палітрэпрэсаваных і былыя палітвязні напісалі дыктоўку па-беларуску ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.

16 мая паслы краін ЕC і Украіны, сваякі палітрэпрэсаваных і былыя палітвязні напісалі дыктоўку па-беларуску ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.

Фота БелаПАН.

Акцыя адбылася ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Дыктоўка праводзілася паводле «Лістоў з-пад шыбеніцы» нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Прычым тэкст быў узяты з падручніка па беларускай літаратуры для 9-га класа агульнаадукацыйнай сярэдняй школы, зацверджанага Міністэрствам адукацыі.

Як адзначыў дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, дыктоўка з'яўляецца акцыяй салідарнасці з беларускай мовай, фактычна рэпрэсаванай на Беларусі.

Ініцыятар акцыі, кандыдат філасофскіх навук дацэнт Уладзімір Падгол, растлумачыў правілы правядзення эстафетнай дыктоўкі, калі кожны яе ўдзельнік піша і дыктуе толькі адзін сказ, а затым ставіць сваё імя, прозвішча і пасаду. Ён прапанаваў удзельнікам акцыі зрабіць копіі напісанага тэксту дыктоўкі і накіраваць іх беларускім палітзняволеным.

Дыктоўку пачалі пісаць маці і дачка былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, а завяршылі — пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і Уладзімір Падгол.

У акцыі ўзялі ўдзел прыблізна 30 чалавек, у тым ліку маці Вячаслава Сіўчыка, Славаміра Адамовіча, Эдуарда Лобава, Яўгена Афнагеля, Міколы Астрэйкі і Фёдара Мірзаянава, а таксама праваабаронца, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека Валер Шчукін, прадпрымальнік Алесь Талстыка і распаўсюджвальнік незалежнага друку лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Барыс Хамайда.

Падчас дыктоўкі дыпламаты пазнаёміліся з былымі палітзняволенымі і іх сваякамі, прадэманстравалі добрае веданне беларускай мовы.

З боку дыпламатаў у дыктоўцы ўдзел прынялі ўпершыню амбасадар пасольства Эстоніі Яак Ленсмент, амбасадар пасольства Латвіі Міхаіл Папкоў, кіраўнік аддзялення амбасады Фінляндыі ў Беларусі Ілка Рэйсенен, амбасадар пасольства Францыі Мішэль Рэнеры, супрацоўнік амбасады Венгрыі па пытаннях Еўрасаюза Золтан Бач, амбасадар пасольства Украіны Раман Бяссмертны, намеснік амбасадара Вялікабрытаніі Джым Казанс. Традыцыйна дыктоўку пісалі амбасадар пасольства Венгрыі Ферэнц Контра, амбасадар пасольства Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар пасольства Славакіі Марыян Сэрватка, амбасадар пасольства Чэхіі Іржы Карас, амбасадар пасольства Швецыі Стэфан Эрыксан. часовы Павераны ў справах Еўрасаюза ў Беларусі Жан Эрык Хольцапфель.

0
Belarus American / Адказаць
17.05.2011 / 19:26
Kak trogatelno! Jesche by gopaka zabacali v znak solidarnosti!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру