Працяг судовага працэса над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым, Сяргеем Вазняком, Настай Палажанкай.

Пракурор папрасіў пакараць абвінавачаных: Някляева — 3 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Дзмітрыева — 3 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады, Фядуту — 2 гадамі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады, Вазняка — 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады, Рымашэўскага — 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады, Палажанку — 1 годам 6 месяцамі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год.

За ўдзел у Плошчы ўжо асуджаныя 30 чалавек, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты А. Саннікаў на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

14:10

Някляеў заявіў, што ўдзячны беларусам, якія 19 снежня выйшлі на Плошчу і захавалі гонар нацыі.

«Я прапаную ўладзе вызваліць усіх палітвязняў. У такім выпадку мы адмовімся ад патрабавання новых выбараў і згодныя супольна вырашаць праблемы ў гаспадарцы. Улада абрынецца разам з гаспадаркай. Мы не можам дапусціць, каб разам з гаспадаркай, абрынулася і краіна».

Някляеў заявіў: «Я гатовы прызнаць сваю віну ў тым, што не стаў прэзідэнтам, што не дайшоў да Плошчы, што дамагаўся свабодных выбараў».

Прысуд будзе абвешчаны 20 мая (пятніца) у 16:00

13:58

Прамова Палажанкі скончаная. Прысутныя апладзіравалі ёй, хоць суддзя забараніла гэта пад пагрозай выдалення з залы. Аднак нікога не выдаліла.

Пачынае прамаўляць Някляеў. Ён падзякаваў адвакатам і заявіў, што, каб пачуць тое, што пачуў падчас апошніх прамоваў, гатовы быў бы сядзець яшчэ год.

Някляеў: «Нас могуць захаваць толькі палітычныя перамены. Таму я, паэт, пайшоў у палітыку. Пісаў кнігу, працаваў рэдактарам, гэта не дапамагло».

13:51

Палажанка: «За тыя тэзісы, за якія зараз судзяць Фядуту і Дзмітрыева, трэба не судзіць, а даваць дзяржаўную ўзнагароду…

Суды над лідарамі і простымі хлопцамі — гэта помста за тое, што не трывалі.
Крыўдна і балюча, што за любоў да краіны людзі атрымліваюць гады турмы. Я магла б падзякаваць пракурору за ўмоўны тэрмін, але не магу. Мы толькі акторы ў гэтым тэатры».

«Не страшна сесці ў турму, страшна апусціць рукі… Наш прысуд у тым, што мы свабодныя. Я не ведаю, колькі яшчэ разоў траплю на лаву падсудных».

13:44

Дзмітрыеў скончыў прамову цытаваннем свайго 10-гадовага сына: «Добрыя людзі не згадаюць дрэннага. Мы ўсе любім Беларусь».

Зараз выступае Наста Палажанка. «Усе людзі, што выйшлі на Плошчу 19 снежня, выйшлі туды, каб абараніць нас з вамі ад улады аднаго чалавека. Цяпер нас усіх за гэта судзяць».

13:35

А.Дзмітрыеў: «Мы ўсе глядзім навіны з замежжа. Перакуленыя аўтамабілі, спаленыя будынкі… Вось гэта маё разуменне беспарадкаў. А пасля нас нават смецця не засталося. Высокі суд, я там асабіста быў. У людзей вочы гарэлі. Яны спадзяваліся, што Беларусь стала лепшай».

13:26

У сваёй прамове А.Дзмітрыеў распавёў, што год таму перакладаў паслам еўрапейскіх краін словы Някляева аб тым, што ён не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Аднак пасля падзей 18 мая 2010 Някляеў змяніў сваё рашэнне.

«Усім было зразумела, што Плошча будзе. І ўлады гэта разумелі. Мы спрабавалі з імі дамовіцца. Мы ведалі, што акцыя несанкцыянаваная. Але людзі — жывыя», — таксама заявіў А.Дзмітрыеў.

13:20

Дзмітрыеў: «Я сустрэў сваё трыццацігоддзе на лаве падсудных. На адной лаве з шаноўнымі людзьмі. Аднак

на маім сэрцы камень і я не ведаю, ці змагу жыць з ім спакойна далей. Я хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх за тое, што сказаў у вымушаным інтэрв’ю…
Я ўдзячны за падтрымку сваіх паплечнікаў, за падтрымку чужых людзей».

13:15

Віталь Рымашэўскі скончыў свой выступ словамі аб тым, што варта ўрэшце вызваліцца з-пад улады хлусні, дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў. «Калі мы ішлі на Плошчу і даведаліся аб збіцці Някляева, я сказаў журналістам, што не трэба баяцца шумавых гранат. Бо калі мы будзем баяцца іх, то заўтра ў нас пачнуць страляць з рэвальвераў… Мы будзем жыць свабодна і шчасліва тады, калі адмовімся ад ідалаў», — заявіў ён.

Зараз прамаўляць сваё апошняе слова ў судзе будзе Андрэй Дзмітрыеў.

13:08

Рымашэўскі: «Наступны раз на Плошчы людзей будзе яшчэ больш. Яны выходзяць туды, бо вераць у свабоду, праўду і справядлівасць».

13:05

В.Рымашэўскі распавёў аб абставінах свайго затрымання. «Мяне вялі такім чынам, што я не бачыў ні дзе я знаходжуся, ні куды мяне павядуць. Аднак я заявіў ім, што калі гэта СІЗА КДБ, то я не заслугоўваю гонару знаходзіцца там, дзе былі загубленыя сотні тысяч людзей», — заявіў Рымашэўскі. Ён таксама звярнуўся да суддзі і да пракурора: «Я разумею, у якой сітуацыі вы знаходзіцеся. Я сяджу на адной лаве з адным з найлепшых паэтаў Беларусі. А вы — там, дзе знаходзіцеся. Я вам дарую любы прысуд».

12:57

Віталь Рымашэўскі: «Я не разумею, чаму мне перакваліфікавалі абвінавачанне. Мне сорамна перад іншымі. Я прашу прабачэння ў суддзі і пракурора, але мне вельмі цяжка аддзяліць пагарду да судовай сістэмы ад пагарды да людзей, якія яе ўвасабляюць».

12:55

Аляксандр Фядута скончыў сваю прамову словамі: «Калі я наступны раз буду клікаць людзей ісці на Плошчу, я зраблю ўсё, каб яны туды ішлі па тратуары».

Зараз пачаўся выступ Віталя Рымашэўскага.

12:50

А.Фядута:

«Санкцыі супраць Беларусі так ніхто і не ўводзіў. А валюты ў краіне няма».
Ён таксама прызнаў, што памылкі былі і з боку штаба Някляева. «Тое, што адбылося, адбылося не праз змову, а таму, што яе не было. Калі б мы (апазіцыйныя кандыдаты) дамовіліся, то нічога б не адбылося. Цяпер я разумею, што нас усіх аб’ядналі дзеянні ўлады», — заявіў А.Фядута.

12:43

«Працэс дазволіў мне зразумець, што адбывалася 19 снежня 2010 года. Не следства, а менавіта судовы працэс», — пачаў свой выступ А.Фядута.

12:40

Сяргей Вазняк у сваім выступе заявіў, што пасля завяршэння працэсу будзе судзіцца з рэдакцыямі газет, якія на сваіх старонках называлі яго арганізатарам масавых беспарадкаў.

«Гэта быў складаны год для мяне. Але разам з тым я ўдзячны сваім паплечнікам, з якімі працаваў у кампаніі „Гавары праўду“. Я лічу, што мы зрабілі вялікую добрую справу», — такімі словамі С.Вазняк завяршыў свой выступ у судзе.

Зараз прамаўляць будзе Аляксандр Фядута.

12:30

Вазняк: «

Як можна прызнаць выбары дэмакратычнымі, калі тэлефоны ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты праслухоўваліся?
Не трэба нават фальсіфікацый пры падліку галасоў… І пасля гэтага мяне яшчэ абвінавачваюць у распаўсюдзе „загадзя непраўдзівых звестак“ аб недэмакратычнасці выбараў».

12:20

Сяргей Вазняк у сваёй прамове аб нападзе на вуліцы Калектарнай заявіў наступнае:

«Адзінае, па чым я апазнаў у „людзях у чорным“ супрацоўнікаў міліцыі — гэта благі мат. Таму што калі такое чуеш — разумееш, што перад табой супрацоўнік беларускай міліцыі».
Ён таксама зазначыў, што адказнасць за біццё шкла ў вокнах Дому урада ляжыць на праваахоўных органах. «Калі ім хапіла 7 хвілін для таго, каб разагнаць людзей, то чаму яны за хвіліну не абаранілі Дом урада?», — заявіў Сяргей Вазняк.

12:05

Сяргей Вазняк пачаў прамаўляць сваё апошняе слова на працэсе. Ён прыйшоў у суд з медалямі, якія атрымаў за добрую службу ва Узброеных сілах. Прамову пачаў з таго, што роўна год таму, 18 мая 2010 года, ён, разам з Някляевым і Дзмітрыевым быў незаконна затрыманы на тры дні за дзейнасць ў межах кампаніі «Гавары праўду».

11:50

Адвакатка Уладзіміра Някляева завяршыла свой выступ. Яна адзначыла, што ўчора дэманстраваліся выступы кандыдатаў падчас тэледэбатаў і падчас сваіх выступаў шмат хто з кандыдатаў у прэзідэнты гаварыў аб магчымым пагаршэнні гаспадарчай сітуацыі, аб тым, што мы ўсе цяпер назіраем.

На гэтым судовыя спрэчкі скончыліся. Суддзя на просьбу Сяргея Вазняка абвесціла 5 хвілін перапынку перад выступамі абвінавачаных.

11:40

Тамара Сідарэнка звяртае ўвагу суддзі на парушэнні заканадаўства, якія былі здзейсненыя падчас праслухоўвання тэлефонаў абвінавачаных.

11:30

Адвакатка Някляева згадала пра шматлікія парушэнні права яе падабароннага на сустрэчы з адвакатам падчас знаходжання ў СІЗА КДБ.

11:13

Тамара Сідарэнка:

«Людзі ў чорным — гэта ж не „чорцікі з табакеркі“, якія раз — і выскачылі. Гэтыя людзі рыхтаваліся, чакалі калону Някляева.
Сведка Ігнацьеў (супрацоўнік ДАІ) так і сказаў, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі». Адвакатка таксама зазначыла, што мэтай «людзей у чорным» была гукаўзмацняльная апаратура, а супрацоўнікі ДАІ пасля іх адыходу з месца падзей не сталі даглядаць мікрааўтобус, а проста з’ехалі з Калектарнай.

11:05

Тамара Сідарэнка пачала свой выступ з апісання нападу на калону Някляева на Калектарнай.

11:00

Букштынаў: «У суседняй з намі Расіі, у якой фактычна ідзе грамадзянская вайна, крымінальная адказнасць за дзеянні, якія здзейсніў Някляеў, увогуле не прадугледжана. Я не сцвярджаю, што гэта палітычны працэс. Аднак я лічу, што ён выкліканы палітычным супрацьстаяннем».

Адвакат Букштынаў скончыў сваю прамову. Зараз са сваёй выступіць другі адвакат Някляева — Тамара Сідарэнка.

10:50

Адвакат Някляева Букштынаў: «У Някляева не было намеру праводзіць неарганізаваную акцыю. Зусім наадварот. Ён імкнуўся запрасіць на Кастрычніцкую плошчу прадстаўнікоў улады. На жаль, гэтага не адбылося. Улады паступілі не паводле еўрапейскіх стандартаў. Любы мітынг паводле еўрапейскага ўзору павінен ахоўвацца міліцыяй. Гэта вырашыў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Я лічу, што нашы ўлады таксама павінны былі ахоўваць людзей, а назаўтра, калі ласка, прад’яўляйце прэтэнзіі арганізатарам».

10:45

Адвакат Някляева зазначыў, што калі з абвінавачання выключыць усе падзеі, якія мелі месца пасля яго збіцця на вуліцы Калектарнай, то застануцца толькі заклікі прыняць удзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы.

«Але ў мяне ўзнікае пытанне, ці трапляюць гэтыя дзеянні ў склад таго, у чым яго абвінавачваюць. Я лічу, што не», — заявіў адвакат.

10:40

Адвакатка: «Ніякіх доказаў віны маёй падабароннай у матэрыялах справы няма. Я спадзяюся, што высокі суд вынесе справядлівы прысуд. Я жадаю ўсім, хто сёння на лаве падсудных, прысуду, якім яны будуць задаволеныя».

Адвакат Насты Палажанкі на гэтым свой выступ скончыла. У зале прагучалі апладысменты. Узяў слова адвакат Уладзіміра Някляева. Гэта апошняе выступленне абаронцаў у спрэчках.

10:35

Адвакатка Палажанкі: «Адзіны відэафайл у справе — гэта той файл, на якім мая падабаронная гаворыць голасам Міколы Статкевіча. Гэта ўсё (падчас прагляду відэа ў сакратара ўзніклі тэхнічныя праблемы і відэа „завісла“)». Яна таксама нагадала суддзі аб парушэнні права на перапіску: «Я прыходжу да Насты і кажу ёй, што бацька напісаў ёй дзесяць лістоў. А ў Насты вось такія вочы — яна ніводнага не атрымала».

10:30

Адвакатка настойвае на тым, што абвінавачванню так і не ўдалося даказаць факты нанясення матэрыяльнай шкоды ўстановам і арганізацыям, размешчаным на праспекце Незалежнасці.

10:20

Адвакатка Насты Палажанкі пра выкрыкванне дэманстрантамі лозунгаў: «Якая можа быць масавая акцыя ў цішыні? Я сабе магу толькі ўявіць акцыю маўчання. Калі людзі збіраюцца з нейкай мэтай, то яны гэтага патрабуюць».

10:00 — 10:10

Працэс працягнуўся выступам адвакаткі Насты Палажанкі. Яна пачала сваю прамову з таго, што права сходаў гарантавана усім грамадзянам Беларусі. «Гэта права займае асаблівае месца сярод іншых правоў грамадзян нашай краіны», — заявіла яна.

Адвакатка Насты Палажанкі таксама звярнула ўвагу на тое, што тэлефоны Насты праслухоўваліся тры дні: «Тэлефоны маёй падабароннай праслухоўваліся тры дні і гэта дазволіла выявіць толькі тое, што яна сустрэла некалькіх чалавек на вакзале і правяла іх да кватэры, якую нават не сама здымала. Вось і ўся яе віна. Дзе тут масавая арганізацыя?»

Дарэчы, зала суда сёння запоўненая цалкам — не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на працэс. Прысутнічаюць дыпламаты і назіральнікі ад АБСЕ. Змог нарэшце трапіць на працэс і Аляксандр Мілінкевіч (суддзя двойчы адмаўляла яму ў магчымасці стаць сведкам).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?