Працэс «НН» супраць Мінінфармацыі: суддзя адмовіла Рэдакцыі ў хадайніцтве.

Рэдакцыя «НН» дамагаецца ў судзе адмены папярэджання, вынесенага Міністэрствам інфармацыі. Падставай для вынясення, паводле Мінінфарма, стала публікацыя на старонках газеты «недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара». На думку Мінінфарма, распаўсюд гэтай інфармацыі прычыняе шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, якія бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым.

Папярэджанне стала падставай для пачатку працэсу ліквідацыі газеты «Наша Ніва».
Аднак суд па ліквідацыі выдання пакуль прыпынены, бо рэдакцыя абскарджвае папярэджанне.

Рэдакцыя абскардзіла папярэджанне Мінінфармацыі. Сёння, а 14.30 адбылося папярэдняе пасяджэнне па гэтай справе.

Прадстаўнікі рэдакцыі падалі хадайніцтва аб тым, каб выклікаць у суд спецыяліста-мовазнаўца. Ён бы ацаніў, ці магла публікацыя «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі» нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, а таксама дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы, медычныя і выратавальныя службы.

Суддзя Алена Маёрава перапытала, чым займаюцца філолагі і ці могуць даваць тлумачэнні ў такой сітуацыі.

«Вам што, слова нейкае няяснае? Суду ўсе словы ясныя!» — адзначыла яна. Аналізаваць тэкст суддзя не палічыла патрэбным: «Вам трэба не філолаг, вам трэба суд!»

Асноўнае пасяджэнне па справе адбудзецца 30 мая, а 14.30 у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?