Дзяржкантроль апублікаваў вынікі «андропаўскага» рэйду па Гродзеншчыне.

Газета «Гродзенская праўда» апублікавала вынікі праверак Камітэту дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, якія ладзіліся ў рэгіёне ад 26 красавіка да 4 мая. Афіцыйна гэтыя мерапрыемствы назваліся маніторынгам стану працоўнай дысцыпліны.

«Парушэнні працоўнага распарадку выяўленыя на 57 прадпрыемствах і ў арганізацыях, падпарадкаваных міністэрствам прамысловасці, транспарту, будаўніцтва і архітэктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, канцэрнам «Беллегпрам», «Беллеспаперапрам», а таксама мясцовым органам улады, ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, грамадскіх арганізацыях»,
— рапартуе «Гродзенская праўда».

У чым жа заключаліся парушэнні, за якія па выніках маніторынгу да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнутыя 93 парушальнікі працоўнай дысцыпліны?

Праверкі выявілі, што людзі часта спазняюцца на працу. Больш за тое, у некаторых арганізацыях у часе паўторнага рэйду правяральшчыкі лавілі на спазненні тых жа людзей, што і ў часе першага візіту.

Маніторынг высветліў, як бавяць свой працоўны час супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

«У працоўны час асобныя супрацоўнікі замест выканання сваіх службовых абавязкаў разгадвалі крыжаванкі, чыталі кнігі і газеты, праглядалі часопісы мод або прымалі ежу.
Некаторыя наогул адсутнічалі на працоўных месцах без паважных прычын, а кіраўнікі не маглі патлумачыць, дзе знаходзяцца іх падначаленыя».

Праверка выявіла недахопы ў арганізацыі пропуску на тэрыторыі, якія ахоўваюцца.

«Работнікі Камітэта дзяржкантролю бесперашкодна ўваходзілі на тэрыторыі, якія ахоўваюцца, і нават на рэжымныя аб'екты, а вартаўнікоў ў гэты час увогуле не было на месцы».

Праз некалькі дзён пасля завяршэння праверкі на Гродзеншчыне Аляксандр Лукашэнка зрабіў жорсткую заяву пра неабходнасць «навядзення парадку ў арганізацыях і прадпрыемствах, у тым ліку ўзмацнення жорсткасці працоўнай дысцыпліны» і згадаў часы Андропава. Магчыма, адной з прычын, з'яўлення гэтай заявы сталі і вынікі гродзенскага рэйду. Неўзабаве кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей заявіў пра ўсебеларускую праверку дысцыпліны і кадравай работы на прадпрыемствах. Вынік не прымусіў сябе чакаць. 14 мая ў суботу чытачы «НН» паведамілі, што ад некаторых прадпрыемстваў і ўстановаў сталіцы райвыканкамы запатрабавалі спісы супрацоўнікаў, якія не выйшлі пра працу (тая субота была працоўная). Пазней падобныя паведамленні пачалі прыходзіць з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?