Курс чорнага рынку наяўнай валюты ў Мінску ўпаў пасля ўчарашняга рэкорду. Сёння за даляр валютчыкі даюць 5500 рублёў. У сераду яго куплялі за 6000. Гэта было рэзкім скачком у параўнанні з аўторкам, калі даляр можна было прадаць за 5000. Рубель адштурхнуўся ад дна? Ці рынак проста пазітыўна рэагуе на прыезд Пуціна, але можа зноў абваліцца ў паніку, калі візіт не прынясе канкрэтыкі?

У Вільні даляр можна прадаць за 5150 рублёў, купіць за 6980 рублёў — таксама на паўтысячы рублёў менш, чым учора.

Курс у абменніках застаўся на ўзроўні 4500 рублёў. Банкі не маюць смеласці выставіць курс, вышэйшы за «рэкамендацыю» Нацбанка. Па такім курсе набыць валюту ўсё яшчэ немагчыма. На інтэрнэт-форумах пішуць, што, магчыма, ад панядзелка Нацбанк уздыме мяжу дазволенага да 6000 рублёў.

Нагадаем, што афіцыйны курс даляра, які ўсталёваецца Нацбанкам, складае 3 130 рублёў. Ён заніжаны ў параўнанні з рэальным, які выкарыстоўваецца насельніцтвам, на 60–100%.

На афіцыйным рынку безнаяўнай валюты тыя самыя тэндэнцыі. Банкі спрабавалі ставіць курс 8000 за даляр і большы, але па такім курсе попыт на валюту з боку імпарцёраў нізкі, рэгіструюцца адзінкавыя аперацыі: імпарт робіцца нявыгадным.

У рэзкім падзенні рубля ўчора быў элемент панікі: Нацбанк не мае рэзерваў, каб стабілізаваць сітуацыю на рынку, а аўторкавыя заявы Лукашэнкі і Мясніковіча хутчэй настрашылі, чым супакоілі. Многія палічылі словы пра шэсць мільярдаў з Расіі байкамі пасля таго, як Кудрын не пацвердзіў такой перспектывы.

Сённяшні рост рубля ўсяляе нясмелую надзею, што курс нацыянальнай валюты нарэшце спыніцца на рэалістычным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?