Мінгарвыканкам перагледзіць планы па зносу прыватных дамоў. Уладальнікам дамоў, якія не будуць знесены на працягу 10 гадоў, дазволяць праводзіць рэканструкцыю нерухомай маёмасці, весці будаўніцтва на сваім участку.

Аб гэтых планах у сераду паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на сустрэчы з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў.

Паводле слоў старшыні, гарадскія ўлады вырашылі змяніць падыходы да зносу прыватных дамоў, прыйшоўшы да высновы, што ў шэрагу выпадкаў гэта вельмі затратна і эканамічна немэтазгодна. Таму на наступным тыдні Мінгарвыканкам перагледзіць планы перспектыўнай забудовы. Мікалай Ладуцька запэўніў парламентарыяў, што «большая частка індывідуальнай забудовы ў бліжэйшыя 10 гадоў застанецца такой жа». Больш таго, вызначыўшы дамы, якія не будуць знесены на працягу 10 гадоў, мэрыя дазволіць іх уладальнікам весці будаўніцтва, рэканструкцыю. Цяпер жыхарам так званай чырвонай зоны сталіцы гэта рабіць забаронена.

Разам з тым Мікалай Ладуцька падкрэсліў, што горад не збіраецца адмаўляцца ад зносу прыватных дамоў наогул. Там, дзе гэта патрэбна для пракладкі дарог, будаўніцтва метро, транспартных развязак або іншых грамадска значных мэт, рашэнне аб зносе індывідуальнай забудовы будзе прынята.

Многія пытанні дэпутатаў у час сустрэчы з мэрам датычыліся тэмы жыллёвай палітыкі, будаўніцтва жылля, пастаўноўкі на чаргу маючых патрэбу ў жыллі. Парламентарыі не абмежаваліся толькі пытаннямі, яны выступілі з ініцыятывай у сувязі з планамі Мінгарвыканкама знізіць у сталіцы крытэрый забяспечанасці квадратнымі метрамі на чалавека для пастаноўкі на чаргу маючых патрэбу з 15 да 10 кв.м агульнай плошчы. Дэпутаты лічаць такія меры вельмі жорсткімі і прапануюць увесці ў якасці крытэрыю патрэбы або 6 кв.м жылой плошчы на чалавека, або 12 кв.м агульнай плошчы на чалавека.

Мікалай Ладуцька згадзіўся з прапановай парламентарыяў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ініцыятыва Мінгарвыканкама па максімізацыі ўмоў пастаноўкі на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (знізіць крытэр патрэбы з 15 да 10 кв.м на аднаго чалавека і павялічыць тэрмін пражывання ў сталіцы з 5 да 10 гадоў), насуперак чаканням, не выклікала негатыўнай рэакцыі ў грамадстве. Тыя, хто ўжо стаіць на чарзе на жыллё, навіну ўспрынялі спакойна, бо ведаюць, што нават у выпадку прыняцця такога рашэння, закон не будзе мець зваротнай сілы, і ўсе, хто стаіць на чарзе, па-ранейшаму ў ёй застануцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?