Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі заявіў, адкрываючы 19 мая ў Мінску пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД

«Мы можам размаўляць на адной мове. Нягледзячы на тое што СНД і яго выканкам не надзелены наднацыянальнымі функцыямі, не маюць бюджэту развіцця, гэта — пляцоўка аднадумцаў. Яе ведаюць на міжнародным узроўні, і з яе вырас шэраг міжнародных структур», — сказаў Мясніковіч.

Ён мяркуе, што супрацоўніцтва ў межах СНД неабходна развіваць.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы. Для ўдзелу ў ім у Мінск 18 і 19 мая прыбылі прэм’ер-міністры Арменіі, Таджыкістана, Кыргызстана, Узбекістана, Казахстана і Украіны, а таксама віцэ-прэм’еры Малдовы, Туркменістана і Азербайджана.

Як паведаміў на брыфінгу 12 мая прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, на пасяджэнні кіраўнікоў урадаў СНД плануецца разгледзець праект дагавора аб зоне свабоднага гандлю. У межах дагавора прадугледжваецца зафіксаваць дзейныя выключэнні з рэжыму свабоднага гандлю, а таксама абавязацельствы не пашыраць іх пералік і пачаць перамовы па паэтапнай адмене экспартных пошлін.

Прэм’ер-міністры абмяркуюць змест міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва да 2020 года. Ініцыятарам распрацоўкі гэтай праграмы выступіла Беларусь.

Адным з ключавых пунктаў парадку дня Савета кіраўнікоў урадаў СНД будзе прыняцце рамачнай праграмы па супрацоўніцтве ў сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Па выніках пасяджэння плануецца прэс-канферэнцыя. Затым пачнецца пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, а пасля гэтага адбудзецца сустрэча Вышэйшага органа Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

Перамовы завершыць выніковая прэс-канферэнцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?