Генеральная пракуратура шукае стваральнікаў папулярнага ў Беларусі сайта нелегальнага абмену валют,

паведаміў 19 мая журналістам начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Павал Радзівонаў.

Паводле яго слоў, Генпракуратура вынесла пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, які прапагандуе дзейнасць па незаконным абмене валюты. Абмежаванне доступу да рэсурсу распаўсюджваецца на дзяржаўныя ўстановы, сказаў Радзівонаў.

Называць сайт ён не стаў, каб, паводле яго словаў, не ствараць яму рэкламы. Аднак, як стала вядома, гаворка ідзе пра сайт prokopovich.net, стваральнікі якога пазіцыянуюць яго як «першы ў свеце электронны пункт наяўнага валютнага абмену».

Як заявіў прадстаўнік Генпракуратуры, на сайце ўстанаўліваюцца адвольныя курсы абмену валюты і канверсіі, якія не адпавядаюць курсах абмену ў банках. «Генпракуратура канстатуе, што прапаганда такой дзейнасці з’яўляецца незаконнай і павінна быць спыненая», — заявіў Радзівонаў.

Ён адзначыў, што рэклама магчымых валютных аперацый прыцягвае злачынцаў і асобы, якія карыстаюцца паслугамі такіх сайтаў, могуць стаць аб’ектам злачынных замахаў ашуканцаў. Радзівонаў таксама не выключыў гвалтоўных дзеянняў у адносiнах да фiзiчных асоб. Прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў, што ўжо заведзена крымінальная справа ў дачыненні да маладога чалавека, які з выкарыстаннем інтэрнэту ашуканскім шляхам завалодаў 66 млн беларускіх рублёў. Ён змешчаны пад варту, паведамляе БелаПАН.

Паводле Радзівонава, Генпракуратура заклікае «ўстрымацца ад незаконных угодаў па абмене валюты, строга выконваць заканадаўства, не даючы магчымасці зрабіць сябе ахвярамі злачынцаў».

Ён паведаміў, што Генпракуратура працягне выяўленне такіх сайтаў і дзейнасць па абмежаванні доступу да іх. У адпаведнасці з заканадаўствам рашэнне Генпракуратуры выконвае Беларуская дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі.

Мяркуючы па рэакцыі прадстаўніка Генпракуратуры, для яго стала адкрыццём, што на партале tut.by з’явіўся рэсурс, які прадстаўляе магчымасць грамадзянам ажыццявіць абмен валюты.
Радзівонаў заявіў, што гэта стане прадметам кантролю праваахоўных органаў.
Апошнія тыдні сайт Prokopovi.ch стаў адным з самых папулярных у Белнэце. Учора на ім пабывалі 37600 наведнікаў

(звесткі лічыльніка Akavita.by). Гэта вывела сайт на 13-ю пазіцыю ў агульным рэйтынгу беларускіх рэсурсаў. Для параўнання: сайт NN.BY учора наведала 22 тысячы чалавек.

Сайт выкарыстоўваецца беларусамі ў якасці своеасаблівай электроннай біржы — людзі дамаўляюцца паміж сабой наконт куплі/продажу валюты і ўдваіх ідуць у банк.

Першы прадае валюту па афіцыйным курсе, другі адразу ж яе купляе, а пасля за межамі абменнікаў даплачвае першаму розніцу ў афіцыйным і рэальным курсе.

Так і законы фармальна не парушаюцца, і людзі здабываюць сабе дэфіцытную валюту.

Пра нязвыклы сайт напісалі СМІ розных краін: такога цуду нідзе на свеце больш няма.

Акрамя платформы для абменных аперацый, на старонцы ёсць і навінная частка. Фэйсам самага неардынарнага сайта стаў самы неардынарны банкір: Пятро Пятровіч Пракаповіч.

Сайт стварыў звычайны малады праграмер, пакуль ніякіх прыбыткаў ён не мае і захоўвае ананімнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?