Бацькі журналісткі Натальлі Радзінай Валянцін Дзьмітрыевіч і Надзея Максімаўна кажуць, што Наталля тэлефануе нячаста. Размовы даволі кароткія, але галоўнае, што з дачкой усё ў парадку. Наталля Радзіна больш за месяц правяла ў СІЗА КДБ як звінавачаная ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» 19 снежня летась. Пазней журналістку выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, яна жыла ў Кобрыне. 31 сакавіка Наталля ўцякла за мяжу.

Валянцін Дзмітрыевіч кажа, што Наталля тэлефануе, але мала распавядае пра сябе. У размове галоўным чынам падтрымлівае бацькоў, просіць не хвалявацца, сачыць за сваім здароўем: «Нічога практычна не сказала нам пра тое, дзе яна, ці працуе, дзе знаходзіцца. Маці задала ёй гэтае пытанне, але Натальля так нічога і не адказала. Таму мы пазьней перасталі гэтае пытаньне агучваць. Галоўнае, што пераканаліся, што ў яе ўсё ў парадку».

Паводле бацькі журналісткі, Натальля ведае пра падзеі ў краіне, абураецца прысудамі кандыдатам у прэзідэнты. З боку міліцыянтаў і КДБ у адносінах да бацькоў няма нейкіх правакацый ці перасьледу: «Цяпер усё ў парадку. Калі Наталля была, дык сачылі. А пасля таго як яна з'ехала, дык былі праблемы. Але цяпер не прыходзяць ды не тэлефануюць нам».

Надзея Максімаўна Радзіна кажа, што пасьля ад’езду Наталлі моцна перажывала. Але шмат хто з неабыякавых людзей тэлефанаваў, выказваў сваю падтрымку: «Са здароўем шмат праблем. Але, як мне падаецца, цяпер няма цалкам здаровых людзей. Даводзіцца ўжываць лекі. Працы шмат. Вядома, сямейныя праблемы цяжка адбіваюцца. Сачу за навінамі. Жах, што цяпер адбываецца ў краіне. У нас зараз няма камп'ютара. Але мы глядзім тэлеканал „Белсат“. Набываем газэты, пакуль яны яшчэ прадаюцца».

Быць абыякавым да цяперашняй сытуацыі немагчыма, кажа маці журналісткі: «Цяпер усё ідзе да поўнага развалу. Гэта проста жах. Людзі ўжо на мяжы цярпення. Увогуле так склалася, што знікла Наталля, потым выбух у метро адбыўся. Я жыла на адных леках. А яшчэ такія сны цяжкія сніліся. Страшна было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?