У абменніках валюты па-ранейшаму няма. У валютчыкаў курс складае 5200—6000 за даляр проці ўчарашніх 5000—5800.

Безнаяўныя пазабіржавыя аперацыі практычна спыніліся пасля таго як Нацбанк устанавіў верхнюю граніцу іх 5030 рублёў. Рэч у тым, што яшчэ ўчора банкі праводзілі гешэфты па 6500—7200, і цяпер прадпрыемствы, уласнікі валюты, проста вычэкваюць.

У той жа час курс даляра на чорным рынку наяўнай валюты ў Мінску злёгку ўзняўся ў аўторак да 5200—6000. У панядзелак ён складаў 5000—5500 (купля) і 5300—5800 (продаж).

У Вільні курс рубля зазнаў аналагічныя тэндэнцыі. Увечары панядзелка даляр у віленскім абменніку Citadele можна было прадаць за 4660 рублёў, а на 11.00 аўторка ўжо за 4870. У той жа час прадавалі даляры ў аўторак за 5770 (увечары панядзелка было 5420 рублёў).

У рознічных продажах некаторыя напалоханыя крушэннем рубля гандляры выстаўляюць нават курс 8000—10000. Такім чынам яны схіляюць кліентаў да больш надзейнага разліку ў далярах. Але большасць выкарыстоўвае на сёння рэалістычны курс пераліку 5500—6000 за даляр.

Большасць экспертаў схіляецца да таго, што Нацбанку не ўдасца ўтрымаць курс на ўзроўні 5000. А ўпартае датрыманне такога курсу захавае ранейшы дэфіцыт валюты на легальным рынку і прывядзе да росквіту чорнага рынку.

Псіхалагічна такая сітуацыя выклікае дадатковы ціск на рубель. Людзі і прадпрыемствы чакаюць далейшай дэвальвацыі і ў выніку накручваюць яе самі.

Курс у абменніках у аўторак заставаўся ў межах дазволеных 5030 рублёў. Нагадаем, што ў панядзелак Нацбанк афіцыйна дэвальваваў рубель прыкладна на 60%. Пры гэтым ён пакінуў магчымасць дэвальвацыі яшчэ на 12% (да 5600 рублёў) да канца года. Па курсе 5000 у абменніках застаецца па-ранейшаму пуста.

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у мінулую пятніцу прызнаў, што крэдыт ад ЕўрАзЭС складзе ўсяго мільярд даляраў і яго будзе недастаткова, каб стабілізаваць курс. Ён заявіў, што патрэбныя дадатковыя меры фінансавага і эканамічнага характару. Ён абяцаў прыняць іх 23—24 мая.

Рэзкае падзенне рубля на чорным і безнаяўным рынках адбылося паміж 15 і 20 мая, калі стала ясна, што крызіс будзе насіць працяглы характар.

Нацбанк па-ранейшаму не мае сродкаў для валютных інтэрвенцый. У той жа час дэвальвацыйныя чаканні застаюцца высокімі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?