Віталь Сіліцкі: Галоўная памылка, якую зрабілі Мілінкевіч і яго каманда, – гэта пачатак перамоваў са штабам Казуліна да таго, як апошні выразна вызначыў сваю пазыцыю і праявіў, на якім баку ён насамрэч гуляе.

Супраць сп.Казуліна нічога ня маю. Ён грамадзянін Беларусі і, значыць, мае права балятавацца. Яго прэтэнзіі на палітычнае лідэрства таксама цалкам законныя. Але ёсьць пытаньні да Казуліна як дэмакратычнага палітыка.

Па-першае, вельмі хуткі пераход у статусе з стаўпоў рэжыму да галоўных апазыцыянэраў. Казулін, вядома, не адзін такі, але, як мінімум, можна было б чакаць выбачэньняў за выключэньні студэнтаў, пацярпелых за палітычную дзейнасьць падчас яго рэктарства ў БДУ. Па-другое, і самае галоўнае, даволі красамоўныя заявы, зробленыя спадаром Казуліным у пачатку лютага, што ўздымаюць пытаньне: ці ён яшчэ адзін дэмакрат, ці яшчэ адзін Гайдукевіч?

Вось некалькі цікавых фактаў. Іміджавыя інтэрвію Казуліна зьяўляюцца ня толькі ў «Народнай Волі», але і ў праўладнай газэце «Обозреватель». Гасьціннасьць, зь якой прапанавала Казуліну свае старонкі газэта, уладальнік якой некалькі год таму ледзь не пахаваў тую самую «Народную Волю», даволі паказальная. Зь цяжкасьцю верыцца, што «Обозреватель» дазволіць камусьці крытыкаваць на сваіх старонках Лукашэнку па ўласнай ініцыятыве. Аднак Казулін у сваім інтэрвію 3 лютага, як кажуць, «раскалоўся» і сапраўды пачаў агітацыю (як яшчэ назваць выкладаньне ўласных плянаў пасьля магчымага абраньня прэзыдэнтам) у стылі бэк-вакалу дзяржаўнай прапаганды.

Чытаем: Казулін – «праціўнік дэстабілізацыі ў краіне» (маецца на ўвазе: Мілінкевіч за дэстабілізацыю); Мілінкевіч кіраваў рэсурснымі цэнтрамі і сядзеў на замежным фінансаваньні (а то праказулінская заказуха ў «Народнай Волі» забясьпечваецца беларускімі крыніцамі, і наагул: хто некалькі год сядзеў на тых ільготах, якія прапісаў калісьці БДУ Лукашэнка?); Мілінкевіч – вылучэнец БНФ (а то ў штабе Казуліна нацыяналістаў менш) і г.д.

Цікава, што Казулін пачаў атаку на Мілінкевіча менавіта тады, калі рэзка ўзмацнілася атака афіцыёзу на апазыцыю, калі дзяржаўнае тэлебачаньне запусьціла ў этэр чарговы цыкль антыапазыцыйных дакумэнтальных фільмаў. Карацей, адразу і не разьбярэсься, ці гэта Казулін, ці Азаронак.

Дык вось, галоўная памылка, якую зрабілі Мілінкевіч і яго каманда, – гэта пачатак перамоваў са штабам Казуліна да таго, як апошні выразна вызначыў сваю пазыцыю і праявіў, на якім баку ён насамрэч гуляе. Сеўшы за стол перамоваў, аб’яднаная апазыцыя прызнала Казуліна ня толькі роўным сабе, але і дэмакратычным прэтэндэнтам, выпісаўшы яму індульгенцыю за ўсе астатнія ўчынкі падчас рэшты кампаніі. Сказаўшы А, трэба казаць і Б, і цяпер трэба пачынаць гульню ў аб’яднаньне.

А Казулін між тым выкарыстоўвае свае інфармацыйныя рэсурсы (дарэчы, калі б у Мілінкевіча сапраўды было б столькі грошай, пра што намякае Казулін, «Народная Воля» выходзіла б зусім зь іншымі матэрыяламі!), каб надалей ствараць вобраз «біпалярнай» апазыцыі. Як вынік, дэмакратычная альтэрнатыва падчас кампаніі канчаткова размываецца. Добра хоць тое, што Мілінкевіч часткова падправіў уласную памылку і прапанаваў Казуліну, каб адзін з кандыдатаў зьняўся на карысьць іншага. Казулін меў рацыю, калі назваў гэтую прапанову правакацыйнай, але гэтая правакацыя, здаецца, дапамагла высьветліць – хто ёсьць хто.

Сапраўды, Казулін адыгрывае ў гэтай кампаніі пэўную ролю, якая зусім ня зводзіцца да мабілізацыі прыхільнікаў пераменаў. Дзеля таго, каб ён гуляў іншую ролю, штабу Мілінкевіча трэба было пазьбягаць крокаў насустрач як мінімум да таго, калі Казулін сам бы вызначыўся, альбо «заціснуўшы» сябе ў рамкі апазыцыянэра, альбо пачаўшы тую гульню, якую ён урэшце пачаў. Але гэта ўжо ўмоўны лад.

Нават калі Казулін – фігура, незалежная ад уладаў (у чым ён сам даў падставы сумнявацца), размываньне дэмакратычнай альтэрнатывы цяпер дазваляе ўладзе рэалізаваць сцэнары, што могуць не дазволіць апазыцыі нават рэалізаваць праграму-мінімум. Шляхам статыстычнага «размыву» галасоў дэмакратычнага электарату на другое месца можна будзе вывесьці, напрыклад, спадара Гайдукевіча. Пытаньне, каго паставяць на трэцяе месца, Казуліна ці Мілінкевіча, ужо не прынцыповае. Пры такім раскладзе можна канчаткова забіць веру ў апазыцыю, а разам з тым веру і ў тое, што аб’яднаньне, салідарнасьць, адзінства чагосьці вартыя ў палітычнай барацьбе.

Такім чынам, пытаньне аб тым, што адбудзецца 19 сакавіка, адпадае само сабой. Паспрабуйце прымусіць кагосьці выйсьці на вуліцы для таго, каб даказаць сваё кроўнае другое месца! Акрамя таго, няўдача на выбарах і на вуліцы можа выклікаць хуткі развал дэмакратычнай кааліцыі пасьля выбараў...

Дык ці застанецца ў гэтых выбараў інтрыга? Нечаканасьці заўжды могуць быць. Але цяпер, здаецца, трэба прыкладаць звышвысілкі для дасягненьня міні-вынікаў...

Поўны тэкст аналізу Віталя Сіліцкага чытайце ў наступным нумары «ARCHE», што зьявіцца ў продажы з 23 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0