На працэсе над мінскімі анархістамі абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Абвяшчэнне ж прысуду прызначана на 27 мая на 14.00.

Мікалай Дзядок: «Не лічу неабходным даказваць сваю невінаватасць. Лічу, што яна была даказана падчас следства». Ён падзякаваў родным і паплечнікам за дапамагу ў зняволенні. Маўляў, без іх падтрымкі было б цяжка.

«Усім вы раты не заткнеце, усіх не перасаджаеце!»

— так звярнуўся Дзядок да «карных органаў».

Малады чалавек неаднаразова на працэсе паведамляў, што да яго выкарыстоўваўся ціск у часе допытаў. Так, у верасні 2010 года, да выстаўлення абвінавачвання, яго перавезлі з ізалятара на Акрэсціна ў Жодзіна. Там пратрымалі 12 гадзін і вярнулі назад. І пачалі новы допыт. Па словах Дзядка, на той момант ён не спаў двое сутак. У той дзень яму было выстаўлена і абвінавачванне.

Ігар Аліневіч сказаў, што яго віна не была даказана. Ён перакананы, што ў нашай краіне можа быць абвінавачаны кожны анархіст, удзельнік руху ці толькі спачуваючы, без падстаў. Па меркаванні Аліневіча, падчас усяго суда яго спрабавалі зрабіць арганізатарам усіх акцый без доказаў на тое.

Аляксандр Францкевіч адзначыў, што за тыя дзевяць месяцаў, што знаходзіцца за кратамі, праз яго камеру прайшлі каля 300 чалавек. І ён пазнаёміўся са шматлікімі гісторыямі. Таму не спадзяецца, што яго могуць апраўдаць. «Я ведаю, як у нас усё робіцца». Маўляў, суд не з’яўляецца незалежнай структурай.

«Наш працэс мае палітычны характар. Усе суды ў Беларусі носяць палітычны характар».

Францкевіч лічыць, што працэс над анархістамі праходзіць у адным шэрагу з працэсамі над удзельнікамі падзей 19 снежня. Ён ўпэўнены, што гэты суд павінен запужаць, паставіць у пэўныя рамкі людзей, якія адносяць сябе да анархічнага руху.

Францкевіч таксама паведаміў, што падчас следства яму прапаноўвалі агаварыць Дзядка. А калі ён адмовіўся, то яго вырашылі пасадзіць.

Максім Веткін і Яўген Сілівончык і ў апошнім слове прызналі сябе часткова вінаватымі. Яны папрасілі абмежавацца ўмоўным тэрмінам без пазбаўлення волі.

Нагадаем, што

пракурор папрасіў для абвінавачаных ад 3 ад 9 гадоў.

Ігар Аліневіч — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля.

Мікалай Дзядок — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандр Францевіч — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яўген Сілівончык — 3 гады абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Максім Веткін — 4 гады абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

***

Згодна з абвінавачаннем пракурора, Мікалай Дзядок абвінавачваецца ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 снежня 2009 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), на будынак Федэрацыі прафсаюзаў 30.04.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Ігара Аліневіча абвінавачваюць у арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 снежня 2009 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» 31.05.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК), нападзе на пасольства Расіі ў Мінску 30 жніўня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК) і нападзе на ізалятар на Акрэсціна 6 верасня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Аляксандр Францкевіч вінаваціцца ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на апорны пункт міліцыі ў Салігорску 9 сакавіка 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК) — здымаў на відэа, на будынак Федэрацыі прафсаюзаў 30.04.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), узломе сайта гарвыканкама Наваполацка (ч.2 арт.349, арт.354, ч.2 арт. 351 КК).

Максім Веткін абвінавачваецца ў падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» 31.05.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК) — здымаў на відэа, нападзе на расійскае пасольства 30 жніўня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК).

Яўген Сілівончык вінаваціцца ў нападзе на апорны пункт міліцыі ў Салігорску 9 сакавіка 2010 г. — разбіў шкло прэнтам (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Дзядок, Францкевіч і Аліневіч віны не прызнаюць, Веткін і Сілівончык — часткова (не было намеру псавання маёмасці).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?