Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці вызвалення арганізатараў акцыі 19 снежня 2010 г. у Мінску.

"Завадатараў заклікалі да адказу паводле закону. Да гэтага часу крычаць: "Палітвязні, вызваліце". Хоць, здавалася б, ужо усіх адпусцілі, акрамя двух, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, мусіць. Няма чаго дзяржаўныя грошы праядаць у турме, праядаць хлеб", -- заявіў А. Лукашэнка ў сераду ў Астане, выступаючы ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л. Гумілёва, паведамляе Інтэрфакс.

Нагадаем, што за ўдзел у падзеях на Плошчы на розныя тэрміны і формы зняволення асуджана 35 чалавек, у тым ліку тры экс-кандыдаты ў прэзідэнты (Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі). Прысуд Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу будзе вынесены ў чацвер, 26 мая.

За ўдзел і кіраванне «масавымі беспарадкамі» экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шараговыя ўдзельнікі акцыі Алег Гнедчык за ўдзел у «масавых беспарадках» асуджаны на 3,5 года, Ілья Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімір Яроменак — на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усе яны абвінавачваліся паводле артыкула «масавыя беспарадкі» (максімальны тэрмін — да 15 гадоў).

Экс-кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву далі 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, Віталю Рымашэўскаму -- год умоўна,

Сяргею Вазняку, Аляксандру Фядуту, Андрэю Дзмітрыеву — 2 гады ўмоўна, Насце Палажанцы — 1 год умоўна.

Васіль Парфянкоў, які атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч — да 3,5, Яўген Сакрэт — да 3, Сяргей Казакоў — да 3, Дзмітрый Даронін — да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч — да 3 гадоў калоніі строга рэжыму.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Павел Севярынец быў асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у месца адбыцця пакарання (г.зн. хіміі), жонка Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп на два гады абмежавання волі з адтэрміноўкай на два гады, такі ж тэрмін атрымаў і кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

У чацвер будзе абвешчаны прысуд апошнім удзельнікам Плошчы-2010.

18 мая пракурор Ленінскага суда запатрабаваў засудзіць Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса на 8 і 7 гадоў калоніі, Аляксандра Класкоўскага (па сукупнасці злачынстваў) — да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка і Арцёма Грыбкова — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзмітрыя Уса было прапанавана ўзяць пад варту проста ў зале суда, паколькі ён не знаходзіўся ў турме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?