«Раней праграмы пісаліся вузкім колам спецыялістаў і не атрымоўвалі шырокага абмеркавання. Мы пайшлі іншым шляхам», — заявіў на прэзентацыі ініцыятывы Руху «За свабоду» адзін з яго лідараў Юрась Губарэвіч.

 Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Народная праграма», згодна з планамі яе ініцыятараў, мае паўстаць у выніку шырокага абмеркавання надзённых сацыяльных, палітычных і геапалітычных праблем, з якімі сутыкнулася наша краіна. Як адзначылі ініцыятары праекту, абмеркаванне будзе адбывацца як на адмысловым сайце ў інтэрнэце, так і на круглых сталах. Сайт існуе ужо месяц, а сустрэчаў «афлайн» адбылося больш за дзесятак. «Мы не маем доступу да дзяржаўных СМІ, да дзяржаўнага тэлебачання. Таму камунікуем з людзьмі праз інтэрнэт, таму быў створаны гэты сайт. Другая пляцоўка — правядзенне круглых сталоў з людзьмі, абазнанымі ў канкрэтных тэмах», — паведаміў спадар Губарэвіч. Ён таксама зазначыў, што за бліжэйшыя месяцы плануецца значна павялічыць наведвальнасць сайта за кошт яго папулярызацыі на тэматычных старонках.

Вынікам «Народнай праграмы», на думку яе ініцыятараў, павінен стаць выніковы дакумент, які маглі б выкарыстоўваць усе прадстаўнікі палітычнага жыцця Беларусі.
«Мы зацікаўленыя, каб як мага больш разнастайных груп насельніцтва і палітычных сіл удзельнічала ў нашым праекце. Вынікам будзе адзіны дакумент — канчатковы прадукт, выпрацаваны экспертамі на аснове абмеркаванняў Народнай праграмы. Ён будзе адкрыты і вольны да выкарыстання для ўсіх», — паведаміў журналістам палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Спадар Мельянцоў таксама адзначае, што выніковы дакумент павінен насіць пазітыўны характар; «Дагэтуль большую частку праграм складалі крытычныя заўвагі. А людзі зацікаўленыя ў тым, каб вырашаць канкрэтныя пытанні. Таму пазітыўная праграма павінна даваць адказы, што і як трэба рабіць і вырашаць. Нягледзячы на ўсю нерэфлексіўнасць апазіцыйных палітыкаў, жыццё вымусіць іх прыслухацца да патрэбаў людзей».

Аднак пакуль рэфлексіўнасцю не могуць пахваліцца і самі стваральнікі праекту «Народная праграма».

Сайт працуе ўжо месяц, а пытанні падаражання паліва, інфляцыі, дэвальвацыі і валютнага дэфіцыту там амаль не абмяркоўваюцца.
Толькі ў рубрыцы «Нацыянальная валюта і грашовая сістэма Беларусі. Талер, еўра або расійскі рубель?» абмяркоўваюцца перспектывы пераходу Беларусі на іншую валюту. Бліжэйшы круглы стол, які пройдзе ўжо 28 мая на Управе БНФ з удзелам экспертаў з Украіны, будзе датычыць не пытанняў эканамічнага крызісу, а рэфармавання сістэмы Міністэрства ўнутраных справаў.

Аднак ініцыятары праекту і запрошаныя эксперты ўпэўненыя, што «Народная праграма» здольная змяніць сітуацыю. «Раней праграмы пісаліся для таго, каб былі. Абмеркавання не атрымоўвалася. Зараз стала зразумела, што лозунгавая палітыка не ўдалася. Народ перарос палітыкаў», — зазначыў эканаміст Сяргей Чалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?