«Пра спакой пакуль гаварыць цяжка, эканоміка ў складаным стане», — заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў, адказваючы 27 мая на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пра кошт будаўніцтва жылля.

Пры гэтым ён адзначыў, што яшчэ ў канцы мінулага года была пастаўлена «задача стабільнага квадратнага метра». «Для гэтага прынятыя адмысловыя меры. У снежні мінулага года мы выйшлі на кошт 1,8 млн. рублёў за квадратны метр, і была пастаўлена задача гэта захаваць. Шляхам зніжэння індэксу будаўнічых работ у першым квартале мы не толькі ўтрымалі [гэты кошт], але і, як паказала статыстыка, для жылля без адстройвання кошт знізіўся на тры працэнты», — сказаў Нічкасаў.

Паводле яго слоў, пасля першага квартала, нягледзячы на павышэнне цэн, у тым ліку і на энерганосьбіты, атрымалася захаваць кошт будаўніцтва жылля для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, у памеры 1,8 млн. рублёў за квадратны метр. Ён адзначыў, што змена курсу валют сур’ёзна паўплывае як на сабекошт будматэрыялаў, так і на іншыя тарыфы, але пры гэтым не адказаў на пытанне аднаго з дэпутатаў, наколькі можа павялічыцца кошт квадратнага метра.

«Каб змікшаваць усё гэта, мы распрацавалі меры, якія дазволілі б нам выбраць крэдытныя рэсурсы і такім чынам завяршыць будаўніцтва жылля, якое вядзецца, і забяспечыць ім грамадзян, якія маюць у ім патрэбу», — сказаў Нічкасаў.

Паводле яго слоў, апасення і падстаў для панікі для тых, хто будуе жыллё, няма. «Тыя, хто атрымаў крэдыты і ўжо заключыў дагаворы, будуць забяспечаныя жыллём. Ніхто з чаргі выключаны не будзе, але лічу, што ў першую чаргу жыллём павінны забяспечвацца тыя, хто яго наогул не мае», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?