Яўген Васьковіч перад арыштам.

Яўген Васьковіч перад арыштам.

Вось думаю, хто з паважаных мною знаёмых не марыў бы спаліць бабруйскі кагэбэ (і ўсе астатнія кагэбэ на свеце)? Сімвал акупацыі, русіфікацыі і нераскаянасці сталінскіх забойцаў. Няма ў мяне такіх знаёмых.

Ясна, што да тэрарызму і нейкай рэальнай шкоды гэтыя мары ніякага дачынення не маюць. «Хлюпікі»-інтэлігенты здольныя хіба што на сімвалічныя акцыі. Заявіць пра сябе, можа быць, папалохаць. Але ў людзей з крымінальнымі мазгамі гэты нумар не праходзіць. Там палохаць не прынята. Дастаў зброю — страляй. Паказаў нож — рэж. Крымінальныя мазгі разумеюць толькі адну ўмоўнасць — умоўна датэрміновую.

Лепшыя з нас, натуральна, не крымінальнікі. Лепшыя з нас — «хлюпікі»-інтэлігенты. Лепшыя з нас стаміліся жыць у калоніі, у другасным паветры расейскай правінцыі, бо іх таленты і любоў да Радзімы ўвесь час натыкаюцца на каланіяльную адміністрацыю, расейскую бюракратыю і гэты самы эфэсбэшны кагэбэ.

Яўген Васьковіч стаміўся і пайшоў на сімвалічную акцыю — «падпал» бабруйскага кагэбэ. Суддзя ўляпіў яму за гэта сем гадоў страгача. Крымінальныя мазгі не пераварваюць умоўнасцяў. Дастаў кодэкс — умаж.

Сябры мае, мы сапраўды перайшлі рубікон. І рэч не ў валюце, не ў кантрактах і нават не ў Лукашэнку. Рэч у тым, што квітнеючая Беларусь — насамрэч забітая афрыканская калонія, дзе ў зонах сядзяць «хлюпікі»-інтэлігенты, а ў акадэміях і тэлевізіях — крымінальнікі.
І чым далей, тым больш выразным робіцца гэты расклад.
У свой час тэрарыстка Мазанік атрымала ўсесаюзную пашану за тое, што забіла гаўляйтара Кубэ. Уяўляеце, што б з ёй было, калі б яна толькі сімвалічна падсмаліла дзверы ў Кубавым доме? Думаю, гадоў сем канцлагера ёй бы і ўляпілі.
Цана забойства — усенародная пашана і цана метафары — сем гадоў турмы.

Кажуць,

улада моцная, калі яна міласэрная. Крымінальнай уладай кіруе не міласэрнасць і не логіка, а толькі — страх.
Такая ўлада не ўмее мысліць абстрактнымі катэгорыямі і больш за ўсё баіцца метафар. Вось чаму
суддзя Карцінін, можа быць, не ўсвядомлены, але паўнапраўны прадстаўнік каланіяльнай адміністрацыі, за метафару дае больш, чым іншы раз за забойства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?