Пра Мікалая Дзядка, якога 27 мая пакаралі 4,5 гадамі калоніі, распавяла яго дзяўчына.

Мікалай Дзядок.

Мікалай Дзядок.

«НН»: Лера, прысуд быў нечаканасцю альбо не спадзяваліся на апраўданне?

Лера: Калі прайшлі першыя месяцы ўтрымання Колі пад вартай, я думала, што яму дадуць пяць гадоў. Але сёння для мяне было нечканасцю, што суддзя па артыкуле 218 ч. 2 апраўдала яго. Насамрэч не было ніякіх доказаў пашкоджання маёмасці полымем, як абвінавачвалі. Хаця я нават гэтага не чакала. Але паглядзіце, як яны зрабілі. Па ч.2 арт. 218 пракурор патрабаваў толькі тры гады, хаця па артыкуле «хуліганства» патрабаваў 4,5 гады. Тым самым падстрахаваўся на выпадак, калі па арт. 218 апраўдаюць. Што і выйшла.

Ч. 2 арт. 218 КК. Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам ці якое пацягнула нанясенне шкоды ў буйных памерах. Караецца абмежаванем свабоды на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

«НН»: Чым вы можаце патлумачыць такі тэрмін?

Лера: Мы бачылі на працэсе, што прыходзілі людзі, якія казалі пра свой удзел у акцыях анархістаў, што кідалі фаеры. Але яны праходзілі толькі сведкамі. Відавочна, што спецслужбы выбралі па наводцы ці неяк па-іншаму канкрэтна гэтых маладых людзей. Гэта не 18-гадовыя хлопцы, якія далучыліся да анархістаў толькі таму, што гэта модна. Наадварот. І вырашылі зрабіць з іх самых галоўных, арганізатараў анархісцкага руху. Хаця ўсё гэта на працэсе разляцелася. Нават сведкі казалі, што ў анархісцкім коле рашэнні прымаюцца сумесна. І ніякіх арганізатараў няма. Для следства гэта было цяжка ўявіць. Ці не ўпершыню яны сутыкнуліся з тым, калі няма чалавека, адказнага за ўсё.

«НН»: Мікалая ўзялі пад варту 3 верасня 2010 года. Увесь гэты час з ім была сувязь, лісты пісаў?

Лера: Калі ён знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсціна, да 24 верасня не было магчыма з ім ліставацца, бо там паперу і асадкі не даюць. І таму дзіўнымі падаваліся словы пракурора на судзе, які пытаўся, чаму Мікалай не пісаў скаргі. Мы кантактавалі з ім толькі праз адкаваката. А пасля 24 верасня ліставанне наладзілася. Праўда, калі Колю ў Жодзіна перавялі, ліст тыдзень ішоў да яго і пасля тыдзень ад яго.

«НН»: Мікалай прыслаў у НН ліст са словамі падтрымкі газеты. Ён сталы чытач ці толькі за кратамі стаў ім?

Лера: У беларусаў выбару незалежных газет няма. На свабодзе Коля чытаў сайт «Нашай Нівы». Выпісаць яму ў зняволенні друкаваную версію была мая ініцыятыва. Таксама выпісала «Народную Волю» і «Белгазету». А пасля ён папрасіў яшчэ і «Саўбелку» выпісаць. Але праз паўгода адмовіўся далей газету чытаць. Маўляў, ванітуе ад яе.

«НН»: Да арышту Мікалай вучыўся ў ЕГУ. Чаму абраў гэтую ВНУ?

Лера: Ён скончыў юрыдычны каледж. А па яго заканчэнні паступіў на 3 курс юрфака БДУ, на завочнае аддзяленне. Правучыўся год і кінуў, бо яму там не падабалася. Паступіў на завочнае ў ЕГУ па спецыяльнасці «Паліталогія». І тым годам, які ён паспеў адвучыцца, быў вельмі задаволены. ЕГУ для яго стала крокам наперад.

Справа ў тым, што ён цікавіўся не толькі ідэямі анархізму, а ўсё астатняе адкідаў. Пры ператрусе ў нас на кватэры знайшлі шмат кніжак Леніна, пра нацыяналізм і г.д. Следчыя былі шакаваныя такой «сумессю».

«НН»: 4,5 гады — тэрмін працяглы. Што будзеце рабіць цяпер? Чакаць?

Лера: Канечне. У мяне было дастаткова часу падумаць, ці змагу я. Вырашыла чакаць. Я нават палічыла, што праз 2\3 тэрміну можна спрабаваць вызваліцца ўмоўна-датэрмінова. Дзевяць месяцаў ён ужо адсядзеў. Цяжка, што гэта будзе ўзмоцнены рэжым. Гэта значыць, што дазваляюцца толькі два доўгатэрміновыя спатканні на год (пры агульным рэжыме — тры разы). Але калі зняволены бярэ ўдзел у самадзейнасці, выконвае працоўныя планы, то могуць перавесці на палепшаныя ўмовы. Думаю, што ён будзе старацца.

***

Сёння ў судзе Заводскага раёна сталіцы быў вынесены прысуд па справе мінскіх анархістаў.

Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля. Мікалай Дзядок — на чатыры гады і шэсць месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандр Францкевіч — на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Максім Веткін будзе пакараны чатырма гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія), Яўген Сілівончык — 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама з усіх іх будзе спагнана 100 млн рублёў пакрыцця матэрыяльнай шкоды (рознымі долямі).

Пракурор патрабаваў прысудзіць Мікалая Дзядка да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ігара Аліневіча — да дзевяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля, Аляксандра Францкевіч — да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Максіма Веткіна — да чатырох год абмежавання волі, Яўгена Сілівончыка — да трох гадоў абмежавання волі.

Іх вінавацілі ў шэрагу злачынстваў.

Мікалая Дзядка абвінавачвалі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 снежня 2009 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), на будынак Федэрацыі прафсаюзаў 30.04.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Ігара Аліневіча абвінавачвалі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 снежня 2009 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» 31.05.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК), нападзе на пасольства Расіі ў Мінску 30 жніўня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК) і нападзе на ізалятар на Акрэсціна 6 верасня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Аляксандра Францкевіча абвінавачвалі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсця пад Генеральным штрабам Рэспублікі Беларусь 19 верасня 2009 г. (ч.2 арт.339 КК), нападзе на апорны пункт міліцыі ў Салігорску 9 сакавіка 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК) — здымаў на відэа, на будынак Федэрацыі прафсаюзаў 30.04.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК), узломе сайта гарвыканкама Наваполацка (ч.2 арт.349, арт.354, ч.2 арт. 351 КК).

Максіма Веткіна абвінавачвалі ў падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» 31.05.2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК) — здымаў на відэа, нападзе на расійскае пасольства 30 жніўня 2010 г. (ч.2 арт.339 і ч.3 арт.218 КК).

Яўгена Сілівончыка абвінавачвалі ў нападзе на апорны пункт міліцыі ў Салігорску 9 сакавіка 2010 г. — разбіў шкло прэнтам (ч.2 арт.339 і ч.2 арт.218 КК).

Дзядок, Францкевіч і Аліневіч віны не прызналі, Веткін і Сілівончык — часткова (не было намеру псавання маёмасці). Апошняе слова анархістаў можна прачытаць тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?