«Заява прэзідэнта ЗША Барака Абамы па Беларусі ад 27 мая 2011 года з’яўляецца неправамернай і не грунтуецца на рэальных фактах падзей», — гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара беларускага МЗС Андрэя Савіных.

Паводле яго слоў, не першы раз амерыканскі бок заяўляе пра ўзмацненне санкцый — пры тым, што ЗША з уласнага досведу адносінаў з шэрагам краін павінны цудоўна ведаць, што палітыка санкцый не дзейнічае.

«Як можна задумваць увядзенне санкцый супраць дзяржаўных прадпрыемстваў — на іх жа працуюць значная частка насельніцтва Беларусі, яны ў значнай ступені фарміруюць бюджэт краіны — гэта значыць ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне, пенсіі, адукацыю. Тады супраць каго насамрэч скіраваны гэтыя санкцыі? Гэта простае супастаўленне паказвае крывадушнасць сцвярджэнняў аб «падтрымцы беларускага народа», — заявіў Савіных.

«Мы ўпэўнены ў важнасці ўзаемадзеяння Беларусі з ЗША. Злучаныя Штаты павінны знайсці ў сабе сілы адмовіцца ад падманных стэрэатыпаў і састарэлых падыходаў. Даўно час пачаць будаваць канструктыўнае супрацоўніцтва ў сапраўдных інтарэсах нашых народаў. Мы заўсёды былі да гэтага гатовы — і гатовы зараз», — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

Як раней паведамлялася, Барак Абама асудзіў прысуды, вынесеныя экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, і заявіў пра магчымасць увядзення новых санкцый у дачыненні да краіны.

ЗША лічаць «адважных актывістаў і кандыдатаў, арыштаваных і абвінавачаных у сувязі з задушэннем пратэсту 19 снежня, палітычнымі зняволенымі», заявіў Абама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?