25 мая ў «Звяздзе» змешчана — што рэдка бывае — гутарка з іерархам Праваслаўнай Царквы. З епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем гутарыла карэспандэнтка газеты Вольга Мядзведзева.

Нашы архіпастыры (што каталіцкія, што праваслаўныя) нярэдка ставяць сябе ў няёмкае становішча, калі ад спраў рэлігійных пераходзяць да спраў свецкіх. Дагэтуль не забуду заяву мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якую ён зрабіў пасля выбуху 3 ліпеня ў Менску. Тая заява была ўспрынята многімі вернікамі як «падпяванне» ўладзе і скіраваная супраць апазіцыі, бо словы і акцэнты не былі належным чынам расстаўленыя.

Вось і ўладыка Арцемій з падачы карэспандэнткі выказваецца наконт выбуху 11 мая ў метро. Чытаем:

«- Гэта ж рэвалюцыйныя традыцыі, мы ў іх выхаваны. Мы ў школе вучыліся спачуваць тэрарыстам-„нарадавольцам“, якія імкнуліся расхістаць рэжым, унесці сумятню…»

Сапраўды, такое трэба ўмець: звязаць рэвалюцыйныя традыцыі, вызваленчую барацьбу з выбухам, які ўчыніў чалавек з неадэкватнай псіхікай (так, здаецца, ахарактарызаваў яго генеральны пракурор Рыгор Васілевіч) і былы член БСРМ (пра гэта паведаміў самы галоўны чыноўнік Беларусі).
Карэспандэнтка зусім слушна кажа ўладыку Арцемію:

«- Але „нарадавольцы“ кіраваліся палітычнымі матывамі…»

На гэта епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі парыруе:

«- Палітыка з’явілася пазней, спачатку было жаданне прадэманстраваць сілу».

Мо я кепска вывучаў гісторыю вызваленчага руху, але помніцца, што самы першы тэрарыстычны акт — замах Дзмітрыя Каракозава на жыццё цара Аляксандра ІІ — быў палітычна матываваны. Што ж датычыць «Народнае Волі», дык было б проста паклёпам на ўсіх гэтых людзей — і Андрэя Жалябава, і Соф’ю Пяроўскую, і Веру Засуліч, і нашага Ігната Грынявіцкага ды іншых — ставіць іх у адзін шэраг з нейкім крымінальнікам. Нават палітычныя праціўнікі «нарадавольцаў» не маглі ўпікнуць іх у амаральнасці і неразборлівасці ў сродках. «Народная Воля» ніколі не хавала сваіх мэтаў. Нарадавольцы смела глядзелі ў твар смерці і бралі адказнасць за свае ўчынкі на сябе.

Адчуваю, што нехта зараз нагадае мне Сяргея Нячаева (ён жа Пётр Верхавенскі у «Бесах» Фёдара Дастаеўскага). Але арганізацыя Нячаева называлася «Народнай расправай». Яна паўстала раней за «Народную волю», і ў той час, як нарадавольцы разгортвалі змаганне, Нячаеў ужо сядзеў у крэпасці. Можна сказаць, што раскаяны былы рэвалюцыянер Дастаеўскі, выкарыстаўшы асобу Нячаева, абылгаў увесь вызвольны рух.

Уладыка Арцемій тлумачыць тэрор тым, што ў тэрарыстаў «няма рэлігійнага разумення сэнсу жыцця».

Так, у крымінальнікаў — серыйных забойцаў, арганізатараў і выканаўцаў масавых забойстваў — такога разумення няма. Але не ў тэрарыстаў.

Сярод нарадавольцаў былі і дзеці праваслаўных святароў, як Праскоўя Іваноўская, і людзі, якіх у шэрагі змагароў прывяло, бадай, рэлігійнае пачуццё. Так, Ігнат Грынявіцкі, паводле сведчання яго настаўніка, ксяндза Вільгельма Шварца, быў добрым каталіком. Ці не прыклад хрысціянскіх пакутнікаў натхняў яго ў апошнія хвіліны жыцця?

Рэлігійны складнік мы бачым і ў руху за вызваленне Ірландыі, які разгортваўся ў той самы час, што і нарадавольства, і ў дзейнасці Ірландзкай Рэспубліканскай Арміі ў Паўночнай Ірландыі. Як павінны былі рэагаваць каталікі Паўночнай Ірландыі, калі пратэстанты-аранжысты пад аховай паліцыі наладжвалі свае маршы ў іх кварталах, калі каталікоў уціскалі і не давалі ім ходу?

Уладыка Арцемій павінен быў бы ведаць, што гісторыі вядомы таксама тэрарызм з праваслаўным духам, які бласлаўлялі праваслаўныя святары. Македонцы схіляюць свае галовы перад памяццю Гоцэ Дэлчава — аднаго з заснавальнікаў Унутранай Македонскай Рэвалюцыйнай Партыі, якая з канца ХІХ ст. змагалася супраць турэцкіх захопнікаў
і якая была адноўлена ў канцы ХХ ст. і з’яўляецца цяпер адной з дзвюх галоўных партый гэтай краіны (другая — сацыял-дэмакраты). Няўжо ўладыка Арцемій асудзіць Гоцэ Дэлчава і яго таварышаў, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне братняга праваслаўнага народа? А яны ж падкладвалі бомбы, стралялі…
Ці асудзіць уладыка Арцемій змагароў за вызваленне братняй праваслаўнай Балгарыі? Скажам, такога канспіратара, як пляменнік і выхаванец манаха Васіл Кунчаў, сам потым манах і дыякан Ігнаці? У сутычках з туркамі гэты манах-канспіратар Ігнаці паказаў сябе такім ваяром, што ў гонар цара звяроў атрымаў мянушку Васіл Леўскі.
І пад гэтым імем увайшоў у гісторыю як нацыянальны герой.

Тэрарызм (а гэта паняцце і палітычнае, і рэлігійнае) узнікае там і тады, дзе і калі немагчыма дамагчыся правоў чалавека і грамадзяніна, правоў свайго народа, сваёй рэлігіі легальным, мірным, парламенцкім шляхам, там і тады, дзе і калі ўсе гэтыя правы можна адстаяць толькі гвалтоўнымі метадамі. (Я тут абыходжу ўвагай такія супрацьлегласці рэвалюцыйна-вызвольнага тэрарызму, як дзяржаўны тэрарызм і тэрарызм бінладэнаўскага тыпу з мэтаю навязаць грамадству пэўную рэлігію ці пэўную ідэалогію).

Народніцтва ў Расіі, тэрарызм на Балканах і ў іншых рэгіёнах узнік якраз таму, што іншых спосабаў барацьбы за сацыяльнае, нацыянальнае і рэлігійнае вызваленне не заставалася.

Гутарка ўладыкі Арцемія з карэспандэнткай «Звязды» расчароўвае непрадуманасцю выказванняў наконт сур’ёзных гістарычных з’яў. Але ёсць у гэтай гутарцы і выказванне, якому нельга не парадавацца.
«1917 год — у многім віна Царквы», — сказаў Вользе Мядзведзевай епіскап Арцемій. І я цалкам згодны з ім. Вядомы расійскі хрысціянскі мысліцель Мікалай Бярдзяеў, які ў свой час прайшоў і марксісцкую школу, выдатна паказаў, што «вытокі і сэнс расійскага камунізму» ў той нецярпімасці да іншадумства, у татальнасці, якая была ўласцівая расійскаму праваслаўю і самадзяржаўю, якія разам з «народнасцю» (вялікадзяржаўным шавінізмам) складалі сутнасць царскага рэжыму. Нідзе, апроч Расіі, такая палітычная плынь, як бальшавізм, нарадзіцца не магла. Карл Маркс пісаў, што капіталізм сам спарадзіў свайго магільшчыка — пралетарыят. З гэтым тэзісам можна паспрачацца, але тое, што царызм і дзяржаўная Праваслаўная Царква самі спарадзілі свайго самага лютага ворага, — сумненням не падлягае. Татальнасць заўсёды спараджае татальнасць.

* * *

Рэдакцыя «Звязды» мусіла б больш уважліва рыхтаваць да публікацыі матэрыялы на рэлігійна-царкоўныя тэмы, бо не мог епіскап назваць усяночнае чуванне ўсяночным трываннем, а пастыра (пастуха) — пастарам, бо пастар ёсць у пратэстантаў, якія не прызнаюць таемства (сакрамант) святарства, пастырства. Дзіўна гучыць і цверджанне, што ў Амерыцы «пратэстантызм — дзяржаўная рэлігія». Усім вядома, што ў ЗША няма дзяржаўнае рэлігіі, а першая папраўка да канстытуцыі забараняе прымаць нейкія законы аб рэлігіях. Гэта ў самай дэмакратычнай краіне, Беларусі, ёсць закон аб рэлігійных аб’яднаннях, у якім усе веравызнанні «пастроеныя» па ранжыру: праваслаўе, каталіцызм і г. д. Перавага пратэстантаў у ЗША ў тым, што іх больш колькасна, але кожная асобная канфесія і дэнамінацыя значна драбнейшая за Рыма-Каталіцкую Царкву, якая дзякуючы наплыву імігрантаў з Лацінскай Амерыкі апошнім часам істотна прырастае колькасна.

Здагадваюся, што ўладыка Арцемій у гутарцы з карэспандэнткай «изъяснялся» на афіцыйнай мове Маскоўскай Патрыярхіі. Калі б прамаўляў па-беларуску, нельга было б сказіць словы Ісуса Хрыста пра святло свету (Евангелле паводле Мацьвея, 5:14) і назваць святло свету светам свету.
Калі б размова адбывалася па-беларуску, уладыка мусіў бы сказаць, а карэспандэнтка запісаць, што людзі вызнаюць, а не «спавядаюць Хрыста», бо спавядаць Сына Божага людзям не выпадае. І веру сваю мы не «спавядаем», а вызнаем. І гэта замацавана ў слоўніках пад рэдакцыяй акадэміка К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?