Старшынёй Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» аднагалосна на безальтэрнатыўнай аснове зноў выбраны Сяргей Калякін. Такое рашэнне прыняў XV з’езд партыі 29 мая.

Пасля выбрання Калякін заявіў, што лічыць такое рашэнне не толькі палітычным, але і «лёсавызначальным». «Галасавалі вельмі шмат маладых людзей, партыя абнаўляецца. У іх вельмі розныя погляды, але тое, што яны прыйшлі да нас, — гэта добра і азначае, што партыя будзе жыць», — сказаў лідар «Справядлівага свету».

Паводле яго слоў, выбраная тактыка рэфармавання партыі аказалася апраўданай. Партыя не страціла ніводнай арганізацыйнай структуры, а яе колькасны склад не толькі не скараціўся, але і ўзрос за кошт прытоку новых людзей.

Да кастрычніка 2009 года арганізацыя мела іншую назву — Партыя камуністаў Беларуская. Рашэнне аб перайменаванні было прынята паводле вынікаў галасавання на XIV нечарговым з’ездзе партыі. Як растлумачыў тады Калякін, новая назва дазволіць партыі прыцягнуць у свае шэрагі не толькі моладзь, але і прадстаўнікоў іншых левых арганізацый, якія не прайшлі афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі.

У працы з’езда, што праходзіў 28–29 мая ў Мінску, бралі ўдзел прыкладна 170 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Дэлегаты заслухалі справаздачу цэнтральнага камітэта партыі аб зробленым, выбралі старшыню і яго намеснікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?