Нават у часы эканамічнага крызісу беларусы імкнуцца дапамагчы сваякам палітвязняў.

Пра салідарнасць, якая сёння дапамагае сем’ям арыштаваных па справе 19 снежня актывістаў, расказала сайту charter97.org жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі Вольга.

«Вось, напрыклад, Ала Уладзіміраўна Саннікава папрасіла купіць Андрэю машынку для стрыжкі і галення. Мы прыйшлі на Камароўскі рынак. Пачалі выбіраць і папрасілі парады ў прадаўцоў. Я ў такой сітуацыі заўсёды кажу як ёсць. І тут сказала, што машынка патрэбная для кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Андрэя Саннікава. Ён цяпер у турме, машынка патрэбная якасная, каб не ламалася.

Прадпрымальнікі адразу ажывіліся, сказалі, што галасавалі за Саннікава, што сочаць за яго справай і справамі іншых палітвязняў. Доўга выбіралі найлепшую і зрабілі нам вельмі вялікую зніжку, у паўцаны»,
 — расказала Вольга Бандарэнка.

Жонка палітвязня ўспамінае, як нядаўна давялося ехаць на таксі. Па дарозе разгаварылася з кіроўцам. У выніку ён адмовіўся браць у яе грошы.

Тое ж самае здараецца з жонкамі іншых палітвязняў.
Так, Марына Адамовіч нядаўна купляла для Мікалая Статкевіча ў турму спартыўны касцюм. Пакуль выбірала, ёй пазванілі на мабільны тэлефон. Прадавец, пачуўшы яе размову пра мужа, зразумеў, пра каго ідзе гаворка, і адмовіўся браць грошы. Марына, як чалавек па натуры сціплы, зусім задарма касцюм не ўзяла. У выніку прадавец пагадзіўся ўзяць у жонкі Статкевіча ўсяго 20 даляраў.

«Усюды, дзе я бываю, — у крамах, на рынках — я імкнуся расказваць пра палітычных зняволеных. І ўсе мяне падтрымліваюць, лаюць уладу, перажываюць. Вось такі зрэз грамадскай думкі.

Вялікая колькасць людзей, якія, здавалася, засталіся даўно ў мінулым, зноў з’явіліся ў маім жыцці, калі арыштавалі Дзіму. Мае і яго былыя калегі, калегі, сябры дзяцінства, аднакласнікі — усе імкнуцца чымсьці дапамагчы. Вось нядаўна знайшоў мяне праз газету зусім ужо пажылы мужчына. Выявілася, ён ведаў Дзіму яшчэ ў 1970-я гады. Прынёс грошы для перадачы ў турму… Ведаю, што ва ўсіх сваякоў тое самае адбываецца. Салідарнасць вельмі вялікая», — кажа Вольга Бандарэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?