Што адбылося з беларускім рублём? Калі ў абменніках у рэшце рэшт з’явіцца валюта? Якое выйсце з эканамічнай сітуацыі ў краіне? На гэтыя пытанні адказаў Сяргей Чалы падчас лекцыі, якую ён правёў для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта.

Пра вытокі крызіса

У нас на 70% эканоміка — савецкая і толькі на 30% — рынкавая. У нас двухсектарная эканоміка. Ёсць «казённы сектар» — па прыкладу савецкай, а ёсць — рынкавы, ён меншы. І ўмовы, у якіх яны функцыяніруюць, абсалютна розныя. У Беларусі няма адзінай грашова-крэдытнай палітыкі. Яна розная для розных сектароў. У Беларусі ўвесь час пісаліся дзяржпраграмы для падтрымкі якой-небудзь галіны. Сродкі пад гэта выдзяляліся ўпаўнаважанымі банкамі — «Беларусбанкам», «Белагрампрамбанкам». Яны абслугоўвалі гэтыя праграмы. Гэта доўгія гады выглядала як крэдыт, на баланс клалася як актывы, але было зразумела, што гэта субсідыі. Калі справа даходзіла да пагашэння, пачыналася ільгаціраванне працэнтнай стаўкі, пралангацыя гэтых крэдытаў, адтэрміноўка… І ў выніку справа даходзіла да спісання, што сведчыла пра тое, што крэдыт гэты быў ніякім не крэдытам, бо крэдыт трэба вяртаць. А тут гэта не выконвалася.

Што адбывалася далей? Актывы банкаў пераўтвараліся ў пазыкі, аўтаматычна пагаршаліся паказчыкі фінансавай устойлівасці банкаў… А потым адбывалася рэкапіталізацыя банкаў — Нацбанк за свой рахунак папаўняў актывы гэтых банкаў. Фокус у тым, што Нацбанк з такім жа поспехам мог «намаляваць» грошы на рахунках датуемых прадпрыемстваў без удзелу банкаў-пасярэднікаў. Дык вось, для «казённага» сектара эканомікі ў Беларусі заўжды была звыш мяккая грашова-крэдытная палітыка, а для астатняй часткі — гэтая палітыка была звыш жорсткай, каб хоць нешта кампенсаваць.

Беларуская эканамічная мадэль не апісваецца ні ў адным падручніку. Ну дзе яшчэ такое можна ўбачыць, каб эканамічнай палітыкай прадпрыемства была «не дай Бог не паказаць прыбытак», бо тады ж не атрымаеш ні датацый ні субсідый ад дзяржавы…

Беларуская эканоміка многія гады працавала, як адна вялікая фірма пад назвай Беларусь, дзе маглі быць і планава стратныя аддзелы, каб цэнтр прыбытку знаходзіўся ў іншым месцы. Дарэчы, калі сюды прыязджалі спецылісты сусветнага банка і задавалі пытанне: «А які памер гэтых субсідый?» ім ніхто дакладна адказаць не мог.

У гэтай сітуацыі цяжка сказацль, хто стратны, а хто прыбытковы. У некага ільготы па прыбылі, у кагосьці ільготы на дабаўленую вартасць. Фактычна, эканамічныя ўлады Беларусі самі выбіралі, хто будзе стратны, а хто прыбыльны…

У апошнія гады мадэль эканамічнага роста ў асноўным больш чым напалову забяспечвалася прыростам крэдытавання ў межах дзяржпраграм. Прыкладна з 2006 года мадэль эканамічнага роста грунтавалася на знешнім фінансаванні. І якасць гэтых інвестыцый, пачынаючы з 2006 года, паслядоўна пагаршалася. У гэтым сэнсе 2006 год быў апошнім устойлівым годам, з якога і пачалося назапашванне дысбалансаў.

Доля будаўніцтва ў структуры інвестыцый паслядоўна нарастае. Яно праходзіць па раздзеле «Інавацыі ў асноўны капітал», але насамрэч гэта проста будаўніцтва. За кошт інвестыцый у жыллёвае будаўніцтва, прычым у асноўным ільготнага, нам удалося зрабіць узровень Валавага унутранага прадукта станоўчым па выніках 2009 года. Пры гэтым доля сапраўдных інвестыцый — у машыны і абсталяванне — паслядоўна зніжаецца, і зараз складае прыкладна 38%. Гэта гістарычны мінімум за ўсю гісторыю суверэннай беларускай эканомікі…

Пра тое, што Нацбанк Беларусі — фактычны банкрот

Фактычна можна гаварыць, што недзе з красавіка 2011 Нацыянальны банк Беларусі — тэхнічны банкрот. Яго абавязанні перавышаюць яго ж актывы. І пры гэтым прыдуманы «чароўны» інструмент для таго, каб «маляваць» наяўнасць золатавалютных рэзерваў. Гэта свопы з камерцыйнымі банкамі.

Што такое свопы? Камерцыйныя банкі прыцягваюць валюту. Нацбанк яе ў іх адбірае, залічвае сабе на тры — шэсць месяцаў, а ім дае беларускія рублі, маўляў, працуйце, бо крэдыты ў валюце ў нас забаронены. І фокус заключаецца ў тым, што гэтыя абавязанні трэба выконваць, а грошы аддаваць. І ў Нацбанка не толькі нэта- актывы сталі адмоўнымі, але і памер абавязанняў перад камерцыйнымі банкамі перавысіў у структуры залатавалютных рэзерваў, рэсурсы самога Нацбанка ў замежнай валюце.

Калі гаварыць пра вострую фазу крызіса, якую Беларусь перажывае зараз, то нельга не адзначыць і ролю ў гэтым Нацбанка. За апошнія тры-чатыры месяцы насельніцтва купіла 1,5 мільярда долараў. У студзені камерцыйныя банкі звярнуліся ў Нацбанк з просьбай аднавіць свой валютны баланс, а там ім адказалі: «Не ўсё адразу».

У лютым Нацбанк сваёй пастановай унёс абмежаванне для пакупкі камерцыйнымі банкамі валюты, якая рэалізоўвалася насельніцтву. Камерцыйныя банкі маглі купіць валюту на міжбанкаўскай біржы толькі ў першыя тры дні месяца і толькі ў памеры фактычнага продажу ў папярэднім месяцы. Студзень і люты былі спакойнымі, а ў сакавіку выйшла справаздача МВФ, дзе было напісана, што Беларусі не пазбегнуць дэвальвацыі.

Людзі адрэагавалі хутка — яны кінуліся ў абменнікі. А там што? А там было вельмі мала валюты. І калі яна фізічна скончылася, стала зразумела: «Грошай няма». А Нацбанк замест таго, каб адмяніць сваю ж пастанову, цэлы тыдзень рабіў добрую міну пры дрэннай гульні, маўляў, усё нармальна. Нацбанк нічога не рабіў тыдзень. Калі стала зразумела, што паніка не заканчваецца, валюту сталі падвозіць па прынцыпу «дзень у дзень», у залежнасці ад таго, колькі было прададзена ўчора.

Цярплівасці Нацбанка хапіла на тыдзень. Бо за гэты тыдзень людзі скупілі 760 мільёнаў долараў і Нацбанк 22 сакавіка вырашыў прыпыніць продаж валюты насельніцтву. На той момант золатавалютныя рэзервы Нацбанка складалі 1 мільярд 800 мільёнаў, а за тыдзень раскупалася 760 мільёнаў, Нацбанку стала страшна… У такім «паралізованым» рэжыме наш валютны рынак і функцыяніруе…

Пра незавершаную дэвальвацыю

«Нармальнае выйсце з такога дысбалансу — гэта дэвальвацыя. Праз якую, напрыклад, у свой час прайшлі Польшча і Украіна. У нас жа атрымалася па-свойму: слова «дэвальвацыя» вымаўляць было нельга, праблему спрабавалі вырашыць «вынаходніцтвам» адміністрацыйных мыліц — з’явілася мноства курсаў.

Афіцыйны — 3000, наяўны, — 4–4500, курс на «чорным рынку» — 6–7 і курс на Міжбанкаўскай біржы — за 10 тысяч. Два тыдні таму курс быў парабалічны. Аднак у рэшце рэшт курс рубля на Міжбанкаўскай біржы стаў умацоўвацца, таму што імпарцёры адмовіліся прывозіць сюды тавар з-за тых коштаў, якія б ім прыйшлося выставіць на тавары. Ім жа не толькі курс трэба ўлічваць, але і прыбытак. Імпарцёрам стала зразумела, што ніхто ў Беларусі па завоблачных коштах іх прадукцыю набываць не будзе… І тады курс пачаў падаць, рубель стаў умацоўвацца. Гэта нармальна. І ўжо на мінулым тыдні курс бы стабілізаваўся на міжбанкаўскай біржы ў межах — 5600–6000 рублёў. Аднак у гэты самы момант Нацбанк кажа: «4930». Што перашкаджала паставіць 6000? Угоды на Міжбанкаўскай біржы праходзілі па курсу прыблізна 6000 рублёў.

І што ў выніку — валюты зноў няма. І зараз мы апынуліся ў куды горшай сітуацыі, чым пасля самой дэвальвацыі… Фокус у тым, што мы сабралі ўвесь негатыў, які суправаджае інфляцыю, а эканамічнай выгады не атрымалі…

Дарэчы, на фоне дэвальвацыі ў Беларусі ізноў сталі цыркуліраваць чуткі аб увядзенні расійскага рубля. Я лічу, што ніякіх перспектыў яго ўвядзення няма. Гэта не трэба ні нам, ні Расіі, бо гэта не вырашыць нашых паблем.

Што зараз трэба зрабіць? Правесці аб’ектыўныя таргі на міжбанкаўскай біржы, куды б прыходзілі заяўкі і ад камерцыйных банкаў і ад імпарцёраў. І вось пасля гэтага ўсталяваўся б аб’ектыўны, роўнаўзважаны курс беларускага рубля, які трэба было б прызнаць. Зразумела, што ўпалі б нашы заробкі, яны і так фактычна ўпалі, але гэта заробкі, якія стварае наша эканоміка. Нашы заробкі — гэта ўзровень канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі. Але калі мы робім выгляд, што канкурэнтаздольнасць эканомікі вышэй і штучна завышаем курс рубля, то вынікам стане таварны дэфіцыт і рост цэн… Таму плануемае з 1 чэрвеня падвышэнне пенсій на сённяшні дзень нічым эканамічна неабгрунтавана…

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?