Мікіта Ліхавід другі раз за месяц змешчаны ў штрафны ізалятар. Асуджаны за Плошчу адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым, у адказ на што начальнік турмы вырашыў прымяніць да пакаранага надзвычайныя меры ўціску.

Паводле маці зняволенага Алены Ліхавід, якая мела кароткае спатканне з сынам, за час арышту Мікіта змяніўся амаль да непазнавальнасці.

— Як на гэтай худзенькай шыйцы можа трымацца галава, у яго вельмі халодныя рукі, ён вельмі бледны, шчокі запалі, усё так абвастрылася, нос такі востры стаў, вочы запалі, і такія кругі цёмныя пад вачыма, таму што іх выводзяць на вуліцу раз у тыдзень. Ён кажа: «Мама я дыхаю ў фортку." Начальнік калоніі мне сказаў, што яго ўжо пазбавілі 2-х спатканняў, ён проста абраў вось такі спосаб барацьбы з тым, што адбываецца.

Першы раз Мікіту Ліхавіда пакаралі 10 днямі штрафнога ізалятару, гэтым разам ён атрымаў 15 сутак. 27 траўня актывісту Руху «За Свабоду», асуджанаму за Плошчу на 3,5 года, споўніўся 21 год, свой дзень нараджэння хлопец сустрэў у карцэры. 29 сакавіка бягучага году прысуд Мікіце Ліхавіду агучыла суддзя Партызанскага раёна Мінска Наталля Пыкіна.

Падтрымаць Мікіту, напісаўшы яму ліст, даслаўшы паштоўку ці кнігу, можна на гэты адрас.

ІК-10, вул. Тэхнічная, 8

211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк

Мікіту Ліхавіду.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?