Суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Алена Маёрава адмовілася задаволіць пазоў Рэдакцыі «Нашай Нівы» да Міністэрства інфармацыі аб адмене папярэджання.
Нагадаем, яно было вынесенае за артыкул «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі», змешчаным у «НН» № 14 ад 13 красавіка 2011 года. Мінінфа ўгледзела ў ім «парушэнне грамадскіх інтарэсаў» і «падрыў даверу да органаў дзяржаўнай улады, у прыватнасці медыцынскай і выратавальнай службаў».

Папярэджанне было трэцім па ліку і стала нагодай для пачатку судовага працэсу аб ліквідацыі «Нашай Нівы». Той працэс пакуль спынены, бо Рэдакцыя скарысталася правам абскардзіць папярэджанне.

У часе суда прадстаўнікі Мінінфа настойвалі, што, паводле заканадаўства, маюць права даваць папярэджанні нават калі ёсць тэарэтычная магчымасць такой «шкоды». Аргументы Рэдакцыі — што ўдакладненая інфармацыя з’явілася на сайце і ў наступным нумары «НН» вельмі аператыўна; што ніякіх праяваў «парушэння» і «падрыву даверу» за паўтара месяца не назіралася, што само разуменне «грамадскіх інтарэсаў» не мае канкрэтнага акрэслення ў заканадаўстве — не былі ўзятыя судом пад увагу.

Рэдакцыя будзе абскарджваць прысуд у касацыйнай інстанцыі Вышэйшага гаспадарчага суда.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?