30 мая гомельскія апазіцыянеры наведалі ўпраўленне КДБ, каб вярнуць канфіскаваны ў іх падчас ператрусу ў студзені 2011 года капір. Два тыдні таму актывісты забіралі ва ўпраўленні камп’ютары і тэхніку, канфіскаваныя падчас ператрусаў, і аказалася, што капір знаходзіцца ў няспраўным стане.

«Мы адмовіліся яго забраць і прапанавалі спецслужбам адрамантаваць тэхніку. Сёння супрацоўнікі КДБ растлумачылі нам, што майстар, якога яны выклікалі, вынес вердыкт аб тым, што капір стары і рамонту не падлягае. Хаця ў нас яго забралі ў працоўным стане», — паведаміў БелаПАН актывіст руху «За Свабоду» Уладзімір Кацора.

Паводле яго слоў, гаспадыня дома, у якім арандуе офіс абласная арганізацыя АГП, Зінаіда Шуміліна ў распісцы для КДБ адзначыла, што капір вярнулі ў няспраўным стане. Кацору вярнулі і камп’ютарную мыш, якой не апынулася 16 мая на месцы.

«Адзін з супрацоўнікаў КДБ узяў яе на час пакарыстацца свайму сыну, так мне і растлумачылі ў мінулы раз. Цяпер вярнулі і мыш», — дадаў актывіст.

Нагадаем, 10 камп’ютараў і ноўтбукаў былі канфіскаваныя падчас ператрусаў 6 і 26 студзеня ў офісе АГП і на кватэрах старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова і праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Свае дзеянні супрацоўнікі КДБ растлумачылі тым, што камп’ютары могуць быць рэчавымі доказамі па крымінальнай справе 19 снежня.

У гомельскім офісе АГП за апошнія 10 гадоў супрацоўнікі КДБ праводзілі некалькі ператрусаў, у час якіх канфіскавалі дзясяткі камп’ютараў. Прычым некаторыя так і не вярнулі, а іншыя аддалі пашкоджанымі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?